2013-05-11 10:18:34

Папа сустрэўся з кіраўніцтвам Рады Біскупскіх Канферэнцый Еўропы


RealAudioMP3 Рэлігійная свабода, экуменізм, этыка-сацыяльныя праблемы на еўрапейскім кантыненце былі ў цэнтры размовы папы Францішка з кіраўніцтвам Рады Біскупскіх Канферэнцый Еўропы. 10 мая ў Ватыкане адбылася першая сустрэча Святога Айца з членамі гэтай касцёльнай структуры. На прэс-канферэнцыі па яе выніках, якая прайшла на Ватыканскім радыё, старшыня Рады, венгерскі кардынал Пэтэр Эрдо, прызнаўся, што Папа звярнуў асаблівую ўвагу на тэму адносін з іншымі хрысціянскімі канфесіямі. Паводле іерарха, Пантыфік падкрэсліў, што “існуе патрэба ў спрыянні ўзаемнаму збліжэнню”. Іншая тэма, якая была закранута падчас сустрэчы – праблема рэлігійнай свабоды на кантыненце. Кардынал Эрдо адзначыў, што хрысціянафобія ўжо не з’яўляецца выключна праявай рэлігійнай неталерантнасці ў Еўропе і звярнуў увагу на спробы некаторых еўрапейскіх судоў забараніць абрад абразання ці продаж кашэрнага мяса.

Не застаўся па-за ўвагай і канфлікт у Сірыі і пераслед хрысціян на Блізкім Усходзе. Кардынал Эрдо нагадаў, што Рада Біскупскіх Канферэнцый Еўропы звярнулася са словамі падтрымкі да хрысціян, якія жывуць у рэгіёне, а таксама з заклікам да вызвалення двух праваслаўных мітрапалітаў, выкрадзеных каля сірыйскага Алепа. Паводле венгерскага пурпурата, некаторыя біскупы знаходзяцца ў надзвычай складанай сітуацыі і на тэрыторыі самой Еўропы; гаворка ідзе пра Боснію і Герцагавіну, дзе ў некаторых рэгіёнах засталося толькі каля 5% хрысціянскага насельніцтва, а тыя, што калісьці пакінулі краіну, не маюць магчымасці вярнуцца сюды. “Наш абавязак заключаецца ў тым, каб нагадваць, казаць, пісаць аб існаванні гэтай вялікай несправядлівасці”, - адзначыў ён.

Кардынал Эрдо высока ацаніў мабілізацыю хрысціян у Франццыі перад абліччам прыняцця законаў, накіраваных на разбурэнне інстытута сям’і. “Касцёл падтрымлівае гэта абуджэнне сумленняў”, - адзначыў ён.








All the contents on this site are copyrighted ©.