Святы Пасад і ЗША будуць супрацоўнічаць у фінансавых пытаннях
7 мая ў Вашынгтоне
адбылося падпісанне пагаднення паміж Апостальскай Сталіцай і ЗША аб супрацьдзеянні
адмыванню грошай і фінансаванню міжнароднага тэрарызму. З боку Святога Пасаду дакумент
падпісаў дырэктар Бюро фінансавай інфармацыі Рэнэ Брульхарт, а з боку ЗША дырэктар
амерыканскай фінансавай выведкі Джэніфер Шаскі Калверы. Паводле Залы Друку Апостальскай
Сталіцы, заключэнне пагаднення паспрыяе абмену інфармацыяй і двухбаковаму развіццю
ў фінансавым сектары.
“Гэта ясны доказ таго, што Святы Пасад і Дзяржава Ватыкан
сур’ёзна ставяцца да барацьбы з адмываннем грошай і фінансаваннем тэрарызму”, - адзначыў
Рэнэ Брульхард, каментуючы падпісанне дакументу. “Ватыкан прадэманстраваў, што з’яўляецца
надзейным партнёрам на міжнародным узроўні”, - дадаў ён.
Падобныя пагадненні
ўжо існуюць паміж Апостальскай Сталіцай і Бельгіяй, Іспаніяй і Славеніяй. На дадзены
момант Бюро фінансавай інфармацыі Святога Пасаду вядзе перамовы з іншымі краінамі
аб падпісанні такіх дакументаў.