2013-05-07 14:57:25

Удзельнікі “Падворку язычнікаў” паразважаюць над спадчынай Русо


RealAudioMP3 6 мая ў італьянскай Балонні пачаўся чарговы этап ініцыятывы Папскай рады па культуры пад назвай “Падворак язычнікаў”. Мерапрыемствы ў яе рамках прадугледжваюць сустрэчы паміж веруючымі і няверуючымі прадстаўнікамі розных галін культуры, навукі і мастацтва. Яны абмяркоўваюць важныя грамадскія і філасофскія пытанні і разважаюць аб ролі Бога і трасцэндэнтных каштоўнасцяў у жыцці людзей. Сустрэча, якая пачалася ў Балонні, упершыню прысвечана гістарычнай постаці – французскаму філосафу Жан-Жаку Русо. Дакладней, у цэнтры ўвагі ўдзельнікаў мерапрыемства будуць рэлігійныя погляды гэтага мысліцеля эпохі Асветы, а таксама месца Бога ў яго творчасці.

У форуме прыме ўдзел, між іншых, былы старшыня Папскай рады па культуры кардынал Поль Пупар. Ён засяродзіцца менавіта на ўплыве Русо на веру сучаснага чалавека, а не на больш традыцыйныя для гэтага філосафа тэмах, такія як дэмакратыя, адукацыя ці правы чалавека. Паводле іерарха, пытанне “Дзе сапраўдны я ?”, якое Русо паставіў тры стагоддзі таму, застаецца актуальным і сёння і патрабуе глыбокага разважання.

Серыя сустрэч прысвечаных вядомым філосафам працягнецца ў чэрвені ў французскім Марсэле. Тут удзельнікі “Падворку язычнікаў” будуць разважаць над літаратурнай і філасофскай спадчынай Камю і Рыкёра. Восенню Папская рада па культуры плануе правесці сустрэчы ў Варшаве, Празе і Берліне. А 7-8 мая, мерапрыемства ўпершыню адбудзецца па іншы бок Антлантычнага акіяна – у Мексіцы.








All the contents on this site are copyrighted ©.