2013-05-06 12:09:00

Кардынал Бэртонэ перадаў падзяку Папы сем'ям гвардзейцаў


RealAudioMP3 Раніцай 6 мая кардынал Дзяржсакратар Тарчызіо Бэртонэ цэлебраваў св.Імшу ў базыліцы св.Пятра. На ёй прысутнічалі Папскія гвардзейцы і госці свята прывядзення да прысягі новай групы ахоўнікаў Пантыфіка. У асноўным – гэта члены іх сем’яў. Ім, асабліва маці, сёстрам, бабулям, а таксама жонкам і дочкам афіцэраў перадаў пурпурат прывітанне папы Францішка. Прыпамінаючы ў гаміліі гераізм у руху гісторыі з боку абаронцаў Папаў, кардынал нагадаў постаці выхавацельніц ахвярных ахоўнікаў наступніка Пятра і веры, а таксама іх верных сябровак. Такою увайшла ў гісторыю палка Элізабэта Клінглэр, жонка камандзіра Папскіх гвардзейцаў Каспара Ройста, на вачах якой яго забівалі, а яна сваім целам прыкрывала параненага, а потым забітага мужа і была сама цяжка паранена 6 мая 1527г.
Пурпурат адзначыў таксама ўклад і блізкасць да службы гвардзейцаў законніц-альберцінак.
“Не менш моцы патрабуе штодзённая падтрымка з боку сям’і швейцарскім гвардзейцам для ідэальнага выканання нялёгкага абавязку нават у мірныя часы, ” - адзначыў цэлебрант. Таму, калі афіцэры Папскай швейцарскай гвардыі атрымліваюць дазвол ажаніцца, сваю вернасць Святому Пасаду сцвярджаюць на працягу стагоддзяў і шматлікія жанчыны, якія непрыкметна, цаною многіх ахвяраванняў, падтрымліваюць сваіх жаніхоў і мужоў.
“Святы Айцец асабіста папрасіў перадаць усім вам сваю падзяку з пажаданнем мужнасці”, - завяршыў зварот да байцоў старажытнейшага з вайсковых падраздзяленняў свету і іх сем’яў кардынал Бэртонэ, падкрэсліўшы, што Францішак першым дае прыклад, так неабходны для добрай службы, – даверлівай пакоры, “укарэненай на веры ў Бога, якая бясконца любіць і прабачае”.








All the contents on this site are copyrighted ©.