2013-05-05 12:21:43

Святы Айцец да каталіцкіх брацтваў: быць кузніцамі святасці


RealAudioMP3 Евангелізацыйнасць, эклезіяльнасць і місіянерства – на гэтыя тры аспекты звярнуў увагу папа Францішак 5 мая падчас св. Імшы з удзелам членаў каталіцкіх брацтваў, якія прыбылі ў Вечны горад з розных краін свету. Святы Айцец падкрэсліў, што брацтвы з’яўляюцца “традыцыйнай рэальнасцю Касцёла, якая на працягу апошніх гадоў атрымала абнаўленне і была па-новаму адкрыта”. У першую чаргу Папа нагадаў, пра заклік свайго папярэдніка Бэнэдыкта XVI да евангелізацыйнай ролі брацтваў. “Абапірайцеся заўсёды на Хрыста, невычэрпную крыніцу, умацоўвайце вашу веру, клапаціцеся пра духоўную фармацыю, супольную і асабістую малітву, літургію. На працягу стагоддзяў брацтвы былі кузніцамі святасці для многіх людзей, якія ў прастаце жылі інтэнсіўнымі адносінамі з Панам. З рашучасцю ідзіце да святасці; не задавальняйцеся абыякавым хрысціянскім жыццём, але няхай ваша прыналежнасць будзе стымулам, перш за ўсё для вас, больш любіць Езуса Хрыста”, - сказаў Пантыфік.

Таксама Папа падкрэсліў, што народная пабожнасць, гэта шлях, які вядзе да самага важнага, калі рэалізоўваецца ў Касцёле, у глыбокай еднасці з пастырамі. “Касцёл вас любіць! Будзе актыўна прысутнымі ў супольнасці, як жывыя клеткі, жывыя камяні”, - заклікаў Святы Айцец. “У парафіях, дыяцэзіях, будзьце сапраўднымі лёгкімі веры і хрысціянскага жыцця, свежым паветрам! На гэтай плошчы, я бачу шмат парасонаў, колераў і знакаў. Такі ён Касцёл: вялікае багацце адметнасцяў і выразаў ў тым, што вядзе да адзінства; адметнасці прыведзеныя да адзінства ў сустрэчы з Хрыстом”, - сказаў Папа.

Нарэшце, апошнім пунктам на які звярнуў увагу Пантыфік тычыўся місіянерскай ролі брацтваў. “Вы маеце спецыфічную і важную місію – падтрымліваць жывымі адносіны паміж верай і культурамі народаў, да якіх прыналежаце, і робіце гэта праз народную пабожнасць”, - сказаў Святы Айцец. Ён заклікаў быць сапраўднымі евангелізатарамі і знаходзіцца побач з тымі хто перажывае цяжкасці. “Будзьце місіянерамі міласэрнасці Бога, які заўсёды прабачае, чакае і вельмі любіць”, - заклікаў Святы Айцец. “Евангелізацыйнасць, эклезіяльнасць і місіянерства. Тры словы. Не забудзьце іх!”, - сказаў папа Францішак.








All the contents on this site are copyrighted ©.