2013-05-04 13:16:07

Францішак: лагоднасць і пакора здольныя перамагчы нянавісць


RealAudioMP3 “Мы заўсёды павінны заставацца лагоднымі і пакорнымі, каб перамагаць спакусы і нянавісць у свеце”, - заклікаў папа Францішак падчас св. Імшы ў Доме св. Марты раніцай 4 мая. У гаміліі Пантыфік звярнуў увагу на тое, што шлях хрысціян - гэта шлях Езуса і дзеля гэтага мы не павінны баяцца стаць ахвярамі пераследу. “Пан нам кажа, што мы не павінны баяцца, бо свет будзе нас ненавідзець, як ненавідзіў Яго”, - падкрэсліў Папа. “Шлях хрысціянаў гэта шлях Езуса. Калі мы хочам быць паслядоўнікамі Хрыста, няма іншага шляху апрача таго, які Ён нам указаў. І адным з вынікаў гэтага з’яўляецца нянавісць, нянавісць свету, а таксама князя гэтага свету, які хоча, каб свет любіў толькі тое, што яго. (...) Пан выкупіў нас са свету, выбраў нас. Са сваёю смерцю і ўваскрасеннем, Ён нас адкупіў з улады гэтага свету, з улады д’ябла, князя гэтага свету. Пачаткам нянавісці з’яўляецца тое, што мы сталі збаўлены. І гэты князь не хоча, каб мы збавіліся, і таму нас ненавідзіць”, - сказаў Папа.

Пантыфік падкрэсліў, што нянавісць і пераследаванні з першых часоў Касцёла працягваюцца аж да нашых дзён. “Сёння шматлікія хрысціянскія супольнасці пераследуюцца ў свеце больш чым у першы перыяд існавання хрысціянства”, - з горыччу адзначыў Папа. Францішак запытаўся: чаму гэта? і адказаў, таму, што нас ненавідзіць дух гэтага свету.

“Сёння дыялог неабходны паміж намі, неабходны для міру ў свеце. Дыялог павінен быць звычкай, паводзінамі, якія мы павінны мець паміж сабой. (...) Дыялог нараджаецца з міласэрнасці і з любові. Але з гэтым князем не можна весці дыялогу: толькі адказваць Словам Божым, якое нас абараняе ад нянавісці свету. І як д’ябал спакушаў Езуса, так імкнецца рабіць з намі (...) каб сваёй ліслівасцю нас злагодзіць і каб мы трапілі ў яго пастку”, - сказаў Святы Айцец.

Пантыфік затым яшчэ раз спытаўся: якой з’яўляецца зброя, каб абараніцца ад спакус, ад феерверкаў, якія стварае князь гэтага свету? “Зброя тая ж самая, якую меў Езус, - адказаў Пантыфік, - гэта Слова Божае, пакорнасць і лагоднасць. “Гэта тая зброя, якую княз гэтага свету і дух гэтага свету не церпяць, таму, што яго прапановы- гэта прапановы зямной ўлады, прапановы пыхі, багацця дрэнна набытага”.

На канец Пантыфік адзначыў, што Езус нагадваў нам аб гэтай нянавісці, якую мае свет супраць нас, супраць паслядоўнікаў Хрыста. “Зброяй, якой мы павінны бараніцца - гэта заўсёды заставацца авечкамі, таму што ў нас “адзіны Пастыр” і будучы авечкамі, мы становімся лагоднымі і пакорнымі.








All the contents on this site are copyrighted ©.