2013-05-03 11:05:43

Святы Айцец: мець адвагу ў абвяшчэнні Евангелля і малітве


RealAudioMP3 Усе хрысціяне маюць абавязак з адвагай перадаваць веру. На гэта звярнуў увагу Францішак падчас Эўхарыстыі ў Доме св. Марты раніцай 3 мая. У св. Імшы прынялі ўдзел швейцарскія гвардзейцы разам са сваім камандуючым Даніэлем Рудольфам Анрыгам. У гаміліі Пантыфік засяродзіўся менавіта на тэме адвагі ў абвяшчэнні Евангелля. Усе мы, хрысціяне, якія атрымалі веру, “павінны яе перадаваць”, “абвяшчаць яе сваім жыццём і словам”. Перш за ўсё Папа заклікаў сведчыць “аб веры ў Езуса Уваскрослага, у Езуса, які нам прабачыў грахі і праз сваю смерць прымірыў з Айцом”. Францішак падкрэсліў, што не працягу гісторыі існавала шмат розных спробаў развеяць упеўненасць вернікаў ва ўваскрасенні Хрыста і казаць толькі праўуваскрасенне духоўнае. “Не, Хрыстус жывы!”, - сказаў Пантыфік і заклікаў з адвагай сведчыць пра гэта: абвяшчаць Хрыста Уваскрослага, Добрую Навіну.

Святы Айцец падкрэсліў, што існуе яшчэ адзін від адвагі, які тычыцца не толькі абвячшэння Евангелля, але таксама малітвы. Ён заклікаў мужна звяртацца да Езуса і прасіць аб дапамозе ў распаўсюджванні веры, евангелізацыі, у вырашэнні праблем. “Ці мы маем гэту адвагу ў малітве? Ці молімся так сабе, як можам, губляючы трохі часу на малітве?”, - спытаў Папа. Ён прывёў прыклад Абрагама і Майсея, якія мелі адвагу “весці перамовы з Панам” – адвагу “на карысць іншых, Касцёла”.

“Калі Касцёл губляе адвагу, у яго уваходзіць атмасфера “цяплыні”. “Цёплыя”, “цёплыя хрысціяне”, “без адвагі”... Гэта прыносіць шмат зла Касцёлу, таму што “цяплыня” цягне назад, паміж намі пачынаюцца праблемы; не маем гарызонтаў, не маем адвагі ні для малітвы да Неба ні каб абвяшчаць Евангелле. Становімся цёплымі... Не маем адвагі парваць з нашымі маленькімі слабасцямі, рэўнасцю, зайздарсцю, кар’ерызмам, эгаізмам...”, - сказаў Святы Айцец.

Папа адзначыў, што ўсё гэта шкодзіць Касцёлу, які павінен быць мужным. “Мы ўсе павінны быць адважнымі ў малітве”, - заклікаў Пантыфік.








All the contents on this site are copyrighted ©.