2013-05-03 12:21:55

Ватыканіст: існуе “працягласць” паміж Францішкам і Бэнэдыктам XVI


RealAudioMP3 Сітуацыя, якая зараз узнікла ў Ватыкане не мае прэцэдэнтаў у гісторыі, звяртае ўвагу ватыканіст італьянскай “La Stampa” Андрэа Тарніелі. Ён падкрэсліў, што яшчэ ніколі Папа не адмаўляўся ад служэння Біскупа Рыма з прычыны сталага ўзросту і ніколі два Папы не жылі разам Ватыкане ?на адлегласці некалькіх сотняў метраў адно ад аднаго. Паводле журналіста ў асяродках традыцыяналістаў, існуе шмат крытыкі ў адраз папы Францішка, за тое што ён не прытрымліваецца многіх правілаў, адмовіўся ад выкарыстання багатай літургічнай вопраткі і старажытнага стылю. Сярод іх існуе таксама занепакоенасць адносна лёсу самаго прымата св. Пятра, звязазаная з тым, што Францішак называе сябе перш за ўсё “Біскупам Рыма”, а таксама стварыў групу з васьмі кардыналаў, якія будуць даваць яму парады ў кіраванні Касцёлам і рэфармаванні Рымскай курыі. Паводле Тарніелі, крытыкі падкрэсліваюць “непрацягласць” паміж Францішкам і яго папярэднікам на Пасадзе св. Пятра.

У сувязі з гэтым журналіст звяртае ўвагу, што менавіта Бэнэдыкт XVI зрабіў важны крок, каб прадэмантраваць “несакральнасць” асобы Папы, адмовіўшыся ад свайго служэння з прычыны адсутнасці сіл неабходных для яго выканання. “Сваім рашэннем, Ратцынгер паспрыяў набліжэнню служэння Біскупа Рыма да яго пачаткаў і прыроды: Папа, гэта наступнік св. Пятра, пастыр Касцёла, які кіруе ў любові, абаронца “скарбу”, які яму не належыць, гэтага “скарбу веры” які павінен перадаць. Не пажыццёвы імператар, не супер-кіраўнік Касцёла”, - падкрэсліў Андрэа Тарніелі.

Паводле журналіста, менавіта Бэнэдыкт XVI, стаўшы Папам на пенсіі, пачаў набліжаць асобу Пантыфіка да іншых біскупаў, ніякім чынам не прыніжаючы ролі Біскупа Рыма. Такім чынам “відавочнай з’яўляецца працягласць”, супольнае бачанне Бэнэдыкта XVI і Францішка. “Гэта позір веры і свядомасці, што Касцёлам кіруе Пан, а не Папа”, - падкрэсліў італьянскі ватыканіст.








All the contents on this site are copyrighted ©.