2013-05-02 11:53:13

“L’Osservatore Romano” пра ватыканскі кляштар “Mater Ecclesiae”


RealAudioMP3 Кляштар “Mater Ecclesiae”, у які 2 мая пераедзе Бэнэдыкт XVI з’яўляецца сучаснай пабудовай на тэрыторыі Ватыканскіх садоў. З лістапада 2012 г. у ім праводзіліся рамонтныя працы, але да гэтага часу тут жылі законніцы, якія сваёй малітвай падтрымлівалі Папаў. “Асаблівая мэта гэтай супольнасці – служэнне малітвы, адарацыі, праслаўлення і аднаўлення. Каб быць, такім чынам малітвай у цішыні і адзіноце, дзеля падтрымкі Святога Айца ў яго штодзённым клопаце пра ўвесь Касцёл”, - гаворыцца ў статуце кляштара. Яго будынак узводзіўся на працягу 1992-1994 гг. на месцы невялікага садовага дома, пабудаванага на пачатку ХХ ст. Першапачаткова ён прызначаўся для Ватыканскай жандармерыі, але затым яго гаспадары некалькі разоў змяняліся: ад кіраўніцтва Ватыканскага радыё да розных ватыканскіх службаў, адзначае сённяшняе “L’Osservatore Romano”

На пачатку 1990-х гг. бл. Ян Павел ІІ прапанаваў прызначыць будынак для законніц, якія б сваёй малітвай падтрымлівалі Папу. Было вырашана, што у кляштары будуць змяняць адна адну прадстаўніцы розных жаночых манаскіх супольнасцяў. Першапачаткова гэта адбывалася кожныя пяць гадоў, а затым тэрмін быў скарочаны да трох. Выбар чарговай супольнасці зацвярджаў сам Папа, а дапамагала яму Кангрэгацыя па справах Інстытутаў кансэкраванага жыцця і Таварыстваў апостальскага жыцця. З 1994 па 2012 г. у ватыканскім манастыры змянялі адна адну прадстаўніцы чатырох самых буйных кляўзуровых манаскіх ордэнаў: кларысы, кармеліткі босыя, бэнэдыктынкі і візіткі.

Побач з кляштарам знаходзіцца невялікі сад у якім законніцы вырошчвалі садавіну і агародніну да стала Пантыфіка. Акрамя таго, яны займаліся рэстаўрацыяй старажытных пергаментаў, мітраў і арнатаў для біскупаў і Пантыфіка. Таксама законніцы клапаціліся пра сад ружаў, які любіў наведваць Бэнэдыкт XVI. З сённяшняга дня, Папа на пенсіі асабіста будзе выконваць малітоўную місію, у гэтым самым месцы.








All the contents on this site are copyrighted ©.