2013-04-29 16:20:01

Мінскія вернікі атрымалі сакрамэнт канфірмацыі з рук папы Францішка


RealAudioMP3 28 красавіка, падчас св. Імшы на плошчы св. Пятра ў Рыме, папа Францішак удзяліў сакрамэнт бежмавання 44 маладым людзям з розных краін і кантынентаў. Сярод іх былі два вернікі з мінскай парафіі Найсвяцейшай Троіцы: Ірына Юневіч і Эдуард Зелянко, якія завіталі ў нашу студыю, каб падзяліцца сваёй радасцю і расказаць пра падрабязнасці гэтай падзеі. Вітаю вас, сябры! Раскажыце, калі ласка, як усё праходзіла і што вас найбольш уразіла падчас св. Імшы ў самым сэрцы Каталіцкага Касцёла?

(І.Ю.) На плошчы, падчас св. Імшы, было вельмі шмат людзей. Яны была ўся запоўнена. Папу віталі сцягамі розных краін і плакатамі. Плошча была вельмі прыгожа аздоблена вялікай колькасцю кветак. Людзі былі па-святочнаму апранутыя. Калі ў нас было бежмаванне – гэта быў ужо трэцці дзень нашага прабывання ў Рыме. Два папярэднія дні было цёмна, былі хмары, ішоў дождж, было вельмі холадна. А з самай раніцы ў нядзелю з’явілася сонца. Пазней мы даведаліся, што кожны раз, калі св. Імшу цэлебруе Папа, заўсёды над плошчай з’яўляецца сонца. Гэта было як асаблівая Божая адзнака.

Эдуард, а што на вас зрабіла моцнае ўражанне?

(Э.З.) Калі Папа Рымскі папрасіў увесь люд Божы сабраны на плошчы памаліцца за кандыдатаў да бежмавання. Гэта вельмі ўразіла, бо на плошчы св. Пятра знаходзілася больш за 150 тыс. чалавек. Сапраўды, гэта адчуваецца, калі за цябе моліцца такая колькасць людзей. Мы сядзелі ў адлегласці 20 м ад Папы і бачылі яго вельмі блізка. Гэта сапраўды ўразіла, бо ў гэты час Папа быў самым блізкім да мяне.

Раскажыце, як праходзіў сам абрад канфірмацыі. Вы разам з вашымі сведкамі падыходзілі да Святога Айца, ён вас намашчаў алеем... Што вы адчувалі ў гэты момант?

(Э.З.) Ён нас па-бацькоўску цёпла абняў і нават пацалаваў. Гэта вельмі моцна ўразіла. Калі трэба было вяртацца на сваё месца, то я нібыта не ішоў па зямлі, але плыў па воблаку. Я не мог нават паверыць у тое, што давялося атрымаць сакрамэнт канфірмацыі з рук Папы Рымскага.

(І.Ю.) Папа сапраўды быў вельмі блізка. Усё было так звычайна і проста. У самым канцы ён вельмі шчыра ўсміхнуўся, абняў, пацалаваў. І вось тады асабліва адчулася, што гэта ідзе ад самага сэрца. Гэта было вельмі прыемна. Я ішла да свайго месца вельмі шчаслівая.

На заканчэнне св. Імшы, вернікі, якія атрымалі сакрамэнт бежмавання сабраліся вакол папскага алтара і мелі магчымасць асабіста падзякаваць Папе, а таксама коратка паразмаўляць з ім. Пра што вы гаварылі са Святым Айцом?

(Э.З.) Я запрасіў яго да нас у Беларусь. Сказаў, што Беларусь вельмі чакае, каб Папа прыехаў да нас. Ён усміхаўся і вельмі радасна казаў: “О! Беларусь, Беларусь!..”

(І.Ю.) Я падзякавала яму за тое, што ён так блізка да сваіх вернікаў, сваіх авечак, як Добры Пастыр. Ён таксама ўсміхнуўся – ён заўсёды ўсміхаўся вельмі шчыра і проста. Ён быў вельмі адкрыты да ўсіх, па-сапраўднаму шчыра. Гэта не было як праца, але ішло ад сэрца. Ён сапраўдны Добры Пастыр.

Дзякуй вам за размову. Жадаю, каб дары Духа Святога, якія вы атрымалі, спрыялі таму, каб ваша жыццё станавілася яшчэ больш прыгожым і шчаслівым.

(Э.З.) Хацелася б падзякаваць нашаму Мітрапаліту Тадэвушу Кандрусевічу, дзякуючы якому мы атрымалі гэту магчымасць, а таксама кс. Юрыю, пробашчу нашай парафіі на Залатой горцы. Акрамя таго, хочам выразіць падзяку сёстрам-дамініканкам з нашай парафіі за добрую падрыхтоўку да сакрамэнту бежмавання.

(І.Ю.) А яшчэ хацелася б падзякаваць усім вернікам, якія маліліся за нас, бо я ведаю, што шмат было малітваў за нас на нашай Радзіме Беларусі. Шчыра ўсім дзякуем за гэта!

І вам дзякуй за ваша цудоўнае сведчанне!

Размаўляў Аляксандр Панчанка







All the contents on this site are copyrighted ©.