2013-04-27 13:36:55

Францішак: не баяцца радасці Святога Духа і перамагаць закрытасць


RealAudioMP3 “Глядзець на Езуса, які заклікае евангелізаваць і з радасцю абвяшчаць Яго імя”, - заклікаў папа Францішак падчас ранішняй св. Імшы ў Доме св. Марты. Пантыфік заахвоціў “не баяцца радасці Святога Духа”, бо яна – шлях да таго, каб перамагчы закрытасць у саміх сабе. У Эўхарыстыі, разам са Святым Айцом прынялі ўдзел супрацоўнікі Ватыканскай пошты, а таксама Педыятрычнага дыспансера св. Марты. Каментуючы евангельскі фрагмент з кнігі Дзеяў Апосталаў Папа задаўся пытаннем: чаму юдэйская супольнасць напоўнілася зайздрасцю і пачала пераслед першых хрысціян? “Проста таму, што яны мелі закрытае сэрца, не былі адкрытымі на навіну Святога Духа. Яны верылі ў тое, што ўсё ўжо было сказана, усё павінна быць так як яны думалі і адчувалі сябе абаронцамі веры. Тады яны пачалі казаць супраць Апосталаў, нагаворваць на іх (...) А затым пайшлі да ўплывовых жанчын, якія мелі ўладу, нагаварылі ім шмат розных рэчаў і падбухторылі іх паразмаўляць са сваімі муж’ямі, каб тыя выступілі супраць апосталаў. Такімі з’яўляюцца паводзіны (...) закрытых груп: весці перамовы ў вузкім коле, вырашаць складаныя сітуацыі, але “паміж сабой”, - адзначыў Папа.

Паводле Святога Айца, такім чынам праяўляецца “закрытая рэлігійнасць”, якая не можа свабодна адкрыцца на Пана”. Пантыфік адзначыў, што закрытая супольнасць юдэяў была “супольнасацю балтуноў”, якія казалі супраць, знішчалі іншых і заўсёды глядзелі назад.

“У сваю чаргу свабодная супольнасць, са свабодай Бога і Святога Духа, ішла наперад, нават падчас пераследу. А слова Пана распаўсюджвалася па ўсім рэгіёне (...) Дабро не адступае. Гэта крытэрый, крытэрый Касцёла, крытэрый важны нават для нашага рахунку сумлення: у якім стане нашы рэлігійныя і парафіяльныя супольнасці? Ці яны з’яўляюцца супольнасцямі адкрытымі на Святога Духа, якія заўсёды ідуць наперад у абвяшчэнні Божага Слова ці закрытымі?”, - спытаў Пантыфік.

Францішак адзначыў, што пераслед хрысціян пачаўся па рэлігійных прычынах і з зайздрасці, але таксама з-за таго, што “вучні былі напоўнены радасцю Святога Духа”, “прамаўлялі прыгожа і адкрывалі шляхі”.

“Закрытая супольнасць, упэўненая ў сабе, якая шукае ўласнай бяспекі ў кантактах з уплывовымі людзьмі, грошах, прамаўляе абразлівымі словамі: зневажаюць і асуджаюць (...) Магчыма яны пазабыліся пра пяшотнасць сваіх маці, калі былі маленькімі. Гэтыя супольнасці, не ведаюць пяшчотнасці, але толькі абавязкі, закрытасць у знешняй адпаведнасці”, - сказаў Папа.

Папа нагадаў, што сёння ў свеце існуе шмат хрысціян, якія перажываюць пераслед. Нягледзячы на гэта, яны, паводле Святога Айца, напоўнены радасцю Святога Духа. Пантыфік заклікаў наследаваць іх і за радасцю абвяшчаць Імя Бога.








All the contents on this site are copyrighted ©.