2013-04-26 12:24:14

Папа Францішак пра вернікаў з духоўнай катарактай


RealAudioMP3 На небяспеку трывогі сэрца, якая часта выступае ў сучасных хрысціян, звярнуў увагу папа Францішак 26 красавіка. Ён спаслаўся на заклік Хрыста з сённяшняга Евангелля: “Няхай не трывожыцца сэрца вашае. Верце ў Бога і ў Мяне верце”. Трывогу вызнаўца Хрыста, паводле Святога Айца, нішчыць перакананне, што “неба, гэта наша канчатковая Айчына”, якую Езус ідзе прыгатаваць для нас. Пантыфік паставіў пытанне: “Што значыць “падрыхтаваць месца?”. У нашым выпадку, гэта падрыхтаваць нашу здольнасць “убачыць, адчуць, зразумець прыгажосць, што нас чакае наперадзе, у той Айчыне, да якой мы ідзём”, - адзначыў ён. “Усё хрысціянскае жыццё з’яўляецца творам Езуса, Святога Духа, каб падрыхтаваць месца, падрыхтаваць нашы вочы, каб бачыць”, - сказаў Пантыфік і дадаў, што многія хрысціяне не разумеюць гэтага і лічаць непатрэбным “новае бачанне”. Ён параўнаў такіх вернікаў да людзей с катарактай, якія пасля аперацыі здзіўлена прызнаюцца, што не думалі, што можна так добра бачыць, паколькі свае праблемы са зрокам лічылі нечым нармальным.

Святы Айцец запрасіў усіх прысутных на Эўхарыстыі ў Доме св. Марты не супраціўляцца імкненню Езуса падрыхтаваць нашы духоўныя вочы і вушы, каб бачыць цудоўныя рэчы і чуць цудоўныя словы. Але самае галоўнае, што робіць Пан, Ён рыхтуе нашыя сэрцы для большай любові, звярнуў увагу Папа.

Францішак чарговы раз нагадаў, што ўсё жыццё хрысціяніна, гэта час падрыхтоўкі да сустрэчы з Айчынай. Ён заклікаў не паддавацца духоўнаму песімізму і заўсёды памятаць пра словы Хрыста: “Верце ў мяне”. Падрыхтоўка да сустрэчы з Айчынай, - сказаў Пантыфік - гэта “шлях прыгажосці” і “шлях вяртання на радзіму”.







All the contents on this site are copyrighted ©.