2013-04-26 16:25:54

Ватыканскі іерарх пра сацыяльную думку Святога Айца


RealAudioMP3 Папа Францішак, будучы арцыбіскупам Буэнас-Айрэса, жадаў паспрыяць абнаўленню палітычнага і дэмакратычнага жыцця ў Аргентыне, у якім, паводле яго, павінны прымаць удзел усе сацыяльныя класы. Гэта вынікае з прамовы кардынала Берголіа ў 2010 г. з нагоды 200-годдзя абвяшчэння незалежнасці Аргентыны, якая ўвайшла ў кнігу пад назвай: “Мы – грамадзяне, мы – як народ”. Яна з’явілася ў Італіі намаганнямі Ватыканскага выдавецтва. Сакратар Папскай рады “Iustitia et pax”, арцыбіскуп Марыё Тоза, які напісаў прамову да выдання, у інтэрв’ю Ватыканскаму радыё, нагадаў, што, на думку кардынала Берголіа, дэмакратыя павінна распаўсюджвацца перш за ўсё на сацыяльную сферу. Паводле яго, ідэал дэмакратыі адлюстроўваюць адносіны кіраўніцтва краіны да сваіх грамадзян.

“Грамадзяне, якія апынуліся ў беднасці, практычна выключаны з дэмакратыі, якая прадугледжвае не толькі выбар прадстаўнікоў у кіруючыя органы краіны, але і спрыянне таму, каб ўнесці свой уклад у рэалізацыю агульнага дабра разнастайным чынам: грамадскім, эканамічным і культурным”, - нагадаў арцыбіскуп Тоза думку Папы. Паводле сённяшняга Пантыфіка, сапраўдная дэмакратыя павінна стварыць сацыяльныя ўмовы, спрыяльныя абароне правоў усіх грамадзян, асабліва самых бедных, каб яны маглі быць будаўнікамі свайго лёсу і галоўнымі героямі дэмакратыі.







All the contents on this site are copyrighted ©.