2013-04-26 10:43:55

Беларусь: падрыхтоўка да ўрачыстасцяў у Будславе выйшла на фінішную прамую


RealAudioMP3 Да ўрачыстасцяў у Будславе застаецца два месяцы. Яны пройдуць сёлета 5-6 ліпеня. У гэтым годзе спаўняецца роўна 400 гадоў з моманту прыбыцця цудатворнага абраза Маці Божай на беларускую зямлю. Маштабнаму юбілею папярэднічала і сур’ёзная падрыхтоўка, амаль трохгадовая, у ёй прыняла ўдзел уся каталіцкая супольнасць краіны. І не толькі – свята выйшла на дзяржаўны ўзровень, у тым ліку па падрыхтоўцы самога санктурарыя, паведаміў ксёндз Юрый Санько, адказны за СМІ пры Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі. “Дзяржава выдаткавала некаторыя сродкі на рэстаўрацыю касцёла, і ўжо закончаны знешнія працы, фасады адрэстаўраваныя. Таксама па ініцыятыве дзяржаўных уладаў будзе арганізаваны моладзевы лагер па ўпарадкаванні мястэчка Будслаў. Гэта кажа аб тым, што дзяржава адкрываецца на такія вялікія ўрачыстасці”, - паведаміў святар.

Нацыянальны банк Беларусі выпусціць спецыяльную юбілейную манету з выявай абраза Маці Божай Будслаўскай, Белпошта – марку, канверт і паштоўкі. Магчыма, іх і атрымае нехта з запрашэннем на свята. А гасцей у гэтым годзе чакаюць шмат, улічваючы, што ў неюбілейныя гады ў невялікім мястэчку збіраецца ад 30 ды 50 тысяч пілігрымаў. Як заўсёды, шмат з іх прыдуць у Будслаў пешшу. Пажарожжа з Далгінава ў Будслаў, другі раз у сваёй гісторыі, зробіць і абраз, адзначыў кс. Юрый. “Абраз падчас пілігрымкі будзе прынесены з Далгінава, як і 400 год таму. Яго пранясуць пілігрымы, таму што менавіта з Далгінава прыбыла святыня і засталася назаўсёды ў Будславе”, - адзначыў ён.

Шмат малітваў, Крыжовы Шлях, працэсія са свечкамі – усё гэта чакае пілігрымаў на ўрачыстасці. І не толькі цудатворнаму абразу змогуць пакланіцца вернікі. Упершыню падчас свята ў Будслаў будуць прынесены рэліквіі св. Тэрэзы ад Дзіцятка Езус, якія ў гэты час будуць знаходзіцца ў Беларусі. На свята прыедуць шматлікія госці – прадстаўнікі еўрапейскіх епіскапатаў. А таксама – папскі пасланнік. Святы Айцец прызначыў кардынала Жана-Луі Тарана, старшыню Папскай рады па міжрэлігійным дыялогу, сваім спецыяльным легатам на будслаўскія ўрачыстасці. Менавіта ён і абвясціў пра абранне папы Францішка ў сакавіку. “Гэта вельмі важна, гэта паказвае не толькі статус урачыстасці, але і значнасць свята на ўзроўні Паўсюднага Касцёла. Гэта дэманструе тое, што Папа таксама хоча выказаць сваю прысутнасць сярод нас”, - адзначыў адказны за СМІ.

Кардынал Жан-Луі Таран узначаліць галоўную св. Імшу 6 ліпеня. Пакуль жа абраз Маці Божай Будслаўскай працягвае перэгрынацыю па краіне, каб аб’яднаць вакол сябе як мага больш вернікаў.

Ларыса Абрамчук, Мінск.







All the contents on this site are copyrighted ©.