2013-04-25 12:23:33

Францішак: вялікая душа не палохаецца вялікіх рэчаў


RealAudioMP3 Прапаведванне Евангелля павінна грунтавацца на пакоры, служэнні і братэрскай любові. На гэта звярнуў увагу папа Францішак 25 красавіка падчас ранішняй св. Імшы ў Доме св. Марты. “Хрысціянін прапаведуе Евангелле сваім сведчаннем, больш чым словамі”, - падкрэсліў Святы Айцец. Паводле яго, паслядоўнікі Хрыста павінны быць велікадушнымі, бо менавіта ў гэтым заключаецца хрысціянскае пакліканне. “Заўсёды больш, заўсёды наперад”, - заклікаў Пантыфік. Папа адзначыў, што “вялікая душа не палохаецца вялікіх рэчаў, не баіцца ісці насустрач неабсяжнаму гарызонту, не баіцца быць пакорным у малых рэчах”. Ён падкрэсліў, што менавіта на гэтым грунтуецца “місіянерства Касцёла”. “Калі мы ідзём з гэтымі велікадушнасцю і пакорай, калі не палохаемся вялікіх рэчаў, гэтага гарызонту, але прымаем таксама малыя рэчы – сціпласць, штодзённую любоў – Пан умацоўвае наша слова. І мы рухаемся наперад”, - сказаў Святы Айцец. Ён нагадаў, што “трыумф Касцёла – ва ўваскрасенні Езуса”, але “перад гэтым быў крыж”. “Папросім сёння Пана, каб мы станавіліся місіянерамі Касцёла, апосталамі Касцёла з гэтым духам: вялікадушнасцю і вялікай пакорай”, - запрасіў прысутных на Эўхарыстыі Пантыфік. У ёй прынялі ўдзел члены Сакратарыяту Сінода Біскупаў на чале з Генеральным сакратаром, арцыбіскупам Ніколам Этэравічам, а таксама супрацоўнікі Ватыканскай жандармерыі.








All the contents on this site are copyrighted ©.