2013-04-25 15:11:30

Спявачка: Францішак – “сапраўдны эксперт” оперы


RealAudioMP3 “Слухае сакральную музыку, класічную, яму вельмі падабаецца таксама опера – ён сапраўдны знаўца”, - гэта ўсё аб папе Францішку. Аб музычных упадабаннях Святога Айца распавяла агенцтву “ANSA” аперная спявачка з Аргентыны Хайдзі Дабусці. Ёй удалося некалькі хвілін пагутарыць з Пантыфікам пасля мінулай агульнай аўдыенцыі 24 красавіка. Яна знаходзіцца з канцэртамі ў Рыме. Спявачцы падаецца, што Папа сам не вельмі любіць спяваць, але абажае музыку. “Гэта сціплы, але незвычайны чалавек”, - ахарактарызавала свайго суайчынніка яна.

Дабусці распавяла, што ў сераду Папа запытаўся яе, як прайшла опера “Норма”, бо ведае, наколькі цяжкая партыя галоўнай гераіні твору Беліні. Спявачка назвала Святога Айца “сапраўдным экспертам” оперы. Яна падзялілася, што Папа не забыўся пацікавіцца і яе асабістым і творчым жыццём, ходам гастроляў па Італіі. Напрыканцы цёплай гутаркі Францішак папрасіў: “Маліся за мяне”, - прызналася Хайдзі Дабусці.








All the contents on this site are copyrighted ©.