“Веру, ведаю, разумею”. Шчаслівая тая, якая паверыла (ІІ)
Мы працягваем цыкл
разважанняў пад назвай “Шчаслівая тая, якая паверыла”, у рамках якога размаўляем пра
веру Найсвяцейшай Панны Марыі, пра тое, як углядаючыся ў яе прыклад зрабіць нашу ўласную
веру больш жывой і моцнай. Мы пачалі нашу размову з таго, што заглянулі на першыя
старонкі Евангелля паводле св. Лукі і ўбачылі, што евангеліст пачаў сваё апавяданне
менавіта з прыкладу Маці Божай. Першыя два раздзелы прысвечаны менавіта ёй. Св. Лука
паказвае наколькі моцнай была вера Марыі і супрацьпастаўляе яе веры іншай асобы –
Захарыі.
Сітуацыя разгортваецца пасля таго, як арханёл Габрыэль расказаў Марыі
і Захарыі пра тое, што цудоўным чынам у іх народзяцца дзеці. Захарыя, у адказ на гэта
спытаўся: “Па чым я пазнаю гэта?”, а Марыя: “Як станецца гэта?”. Здаецца адказы вельмі
падобныя, але на самой справе, не. Пацвярджэннем гэтаму служыць рэакцыя анёла: ён
робіць Захарыю нямым, а Марыі кажа цёплыя і пяшчотныя словы.
Чаму так адбылося?
Дык вось, першае, што зрабіў Захарыя – гэта папрасіў у анёла аб дапамозе, каб зразумець,
што адбываецца. Вера, аднак, не прыходзіць дзякуючы розуму, але дзякуючы Духу. У першую
чаргу вера прыходзіць дзякуючы таму, што мы трымаем адкрытай самую глыбокую частку
нашага сэрца. Канешне, наш розум, гэта цудоўная і неабходная рэч, але для веры неабходна
нешта яшчэ больш глыбокае.
У сувязі з гэтым варта ўзгадаць пра сітуацыю, якая
адбылася ў райскім садзе з нашымі прабацькамі Адамам і Евай. Нагадаю, што там было
два дрэвы: жыцця і пазнання. Яны нібыта супрацьпастаўляліся адно аднаму. Спрабаванне
плёнаў аднаго,выключала магчымасць карыстання плёнамі іншага. Чалавек, у сваю чаргу,
быў надзелены магчымасцю выбару паміж імі: выбару паміж жыццём і пазнаннем дабра і
зла.
У нашым жыцці часта здараюцца сітуацыі, сэнс якіх нам цяжка зразумець.
Тут трэба перш за ўсё даверыцца Богу і жыць разам з Ім. Менавіта жыць, бо чалавек
створаны для гэтага. Трэба прызнаць сваю абмежаванасць у разуменні ўсяго. Гэта вельмі
рацыянальны ўчынак. Адам і Ева, аднак, аддалі перавагу іншаму – яны вырашылі, што
неабходна ўсё пазнаць і разумець. У выніку, як вядома, яны згубілі магчымасць карыстацца
плёнамі дрэва жыцця.
Мы часта паўтараем падобны выбар у нашым штодзённым жыцці.
Мы хочам, каб справы Божыя былі яснымі для нашага розуму. Спыняемся і баімся рабіць
крок наперад, жыць далей. Як у сітуацыі з Захарыяй, рэальнасць становіцца для нас
нямой, не кажа нічога. Мы не можам адказаць “так”, да таго, часу пакуль усяго не зразумеем.
Аднак Бог сам, у кнізе прарока Ісаі казаў: “Мае шляхі – гэта не вашыя шляхі”. І гэта
праўда. Сам Езус збавіў нас таксама незразумелым, здавалася б абсурдным чынам – шляхам
крыжа, мукі і смерці.
Прыклад Панны Марыі нам кажа пра тое, што мы павінны
напачатку давяраць Богу, а ўжо потым разважаць. На словы анёла Марыя спыталася – як
гэта адбудзецца? Яна ўжо дала згоду і толькі жадала зразумець, што павінна рабіць.
Мы бачым, што вера заключаецца не ў тым, каб усё разумець ці ўсё ясна бачыць перад
вачыма. Верыць – азначае дазволіць Богу дзейнічаць у нас.
Калі ў жыцці ўзнікаюць
такія сітуацыі – мы становімся перад двума дрэвамі: жыцця і пазнання. І каб жыць,
трэба выбраць першае. Такім чынам, мы перадаем кіраванне нашым жыццём Богу. Давяраем
яму, атрымлівае спакой і радасць. Становімся “шчаслівымі, таму што паверылі”. Захарыя
ў нечым нагадвае кожнага з нас – калі нешта не змяшчаецца ў нашай галаве, мы гэта
адкідаем. Затым, канешне, Захарыя сказаў “так” і пачаў давяраць Богу, але толькі пасля
таго, як зразумеў, што не трэба вымяраць уласнымі катэгорыямі справы Божыя.