2013-04-24 11:41:22

Не бойцеся марыць аб вялікім!


RealAudioMP3 Сваю катэхезу падчас агульнай аўдыенцыі 24 красавіка Пантыфік прысвяціў значэнню апошняга прыйсця Хрыста, які вернецца, каб “судзіць жывых і памерлых”. Сустрэча Святога Айца з вернікамі прайшла на плошчы св. Пятра. Папа адзначыў, што разуменню гэтай падзеі дапамагаюць тры евангельскія тэксты: пра дзесяць паннаў, таленты і апошні суд. Францішак пачаў сваё разважанне з прапавесці пра дзесяць паннаў, якія чакалі вяртання жаніха. Пяць з іх былі мудрымі і падрыхтавалі дастатковую колькасць алею для сваіх светачаў, а пяць іншых – не. У выніку, першыя змаглі патрапіць на вяселле, а другія засталіся каля дзвярэй і не змаглі ўвайсці. “Яны настойліва стукалі, але было ўжо вельмі позна. Жаніх адказаў ім: не ведаю вас”, - нагадаў Папа. “Жаніх – гэта Пан, а перыяд чакання Яго прыйсця – гэта час, які Ён нам дорыць усім нам, з міласэрнасцю і цярплівасцю, перш чым прыйсці ў апошні раз, час чування; гэта час калі мы павінны трымаць запаленымі лампы веры, надзеі і любові, калі павінны трымаць сэрца адкрытым на дабро, прыгажосць і праўду; час, каб жыць паводле волі Бога, бо не ведаем ні дня, ні гадзіны вяртання Хрыста. Ад нас патрабуецца прыгатаванасці да сустрэчы, да цудоўнай сустрэчы з Езусам, здольнасці бачыць знакі Яго прысутнасці, захоўваць жывой нашу веру, дзякуючы малітве, сакрамэнтам; чуваць, каб не заснуць, не забыцца на Бога”, - сказаў Папа.

Другой прыпавесцю, на якую звярнуў увагу Святы Айцец, каб патлумачыць значэнне чакання Пана, была гісторыя пра гаспадара, які перад адыходам пакінуў сваім слугам таленты, каб яны іх добра выкарысталі і прынеслі прыбытак. “Чаканне на вяртанне Пана – гэта час дзейнасці, час, каб зрабіць плённымі дары Бога не для нас саміх, але для Яго, Касцёла, іншых. Гэта час спрыяння росту дабра ў свеце”, - сказаў Францішак.

“Асабліва сёння, у гэты перыяд крызісу, важна не закрывацца ў саміх сабе, закапваючы ўласныя таленты, уласныя духоўныя, інтэлектуальныя, матэрыяльныя багацці, тое, што Пан нам даў, але адкрыцца, быць салідарнымі, уважлівымі да іншых. Сёння на плошчы, бачу, што прысутнічае шмат моладзі (...) Вас, якія знаходзіцеся на пачатку жыццёвага шляху, я пытаюся: ці думалі вы, якія талены Бог вам даў? Ці думалі, як іх паставіць на службу іншым. Не закапвайце таленты! Стаўце на вялікія ідэалы, ідэалы, якія ўзбачачаюць сэрца, ідэалы служэння, якія ўмацоўваюць вашы таленты. Жыццё нам дадзена не для таго, каб мы яго раўніва захоўвалі для саміх сябе, але таго, каб дарыць. Дарагая моладзь, будзьце вялікадушнымі! Не бойцеся марыць аб вялікім!”, - заклікаў Пантыфік.

Апошнім евангельскім апавяданнем, на якое звярнуў увагу Францішак, быў фрагмент аб другім прышэсці Збаўцы. “Вобраз, выкарыстаны евангелістам – гэта пастыр, які аддзяляе авечак ад казлоў. З правага боку былі размешчаны тыя, хто дзейнічаў паводле волі Бога, дапамагаючы бліжняму, галоднаму, прагнучаму, чужынцу, голаму, хвораму, зняволенаму, наследуючы такім чынам самаго Пана; а з левага – тыя, хто не дапамаў бліжнім”, - нагадаў Пантыфік.

Святы Айцец падкрэсліў, што Бог будзе судзіць кожнага паводле любові – “наколькі мы любілі нашых братоў, асабліва самых слабых і патрабуючых”. Адначасова Францішак заклікаў памятаць, што чалавек збаўляецца дзякуючы ласцы, “праз акт бескарыснай любові Бога”, які заўсёды папярэднічае нашай любові, а “самі мы не можам нічога”. “Але, каб прыносіць плёны, Божая ласка патрабуе нашай пастаяннай адкрытасці на Яго, нашага свабоднага і канкрэтнага адказу”, - адзначыў Святы Айцец.








All the contents on this site are copyrighted ©.