2013-04-24 13:32:42

Ватыканскі іерарх прапануе праект рэформы Рымскай курыі


RealAudioMP3 Кардынал Франчэска Кокапальмерыё, вядомы спецыяліст па Кананічным праве і старшыня Папскай рады па інтэрпрэтацыі заканадаўчых тэкстаў, у інтэрв’ю “La Croix”, падзяліўся некаторымі аспектамі распрацаванага ім праекту рэформы Рымскай курыі, больш арганізаванай і паслядоўнай. Іерарх лічыць, што гэта можна асягнуць за кошт большай калегіяльнасці ў яе дзейнасці. Ён прапануе ўвесці пасаду “мадэратара Рымскай курыі”, свайго роду “генеральнага дырэктара”, які пераняў бы ад Дзяржсакратара знешнюю камунікацыю, у накірунку Паўсюднага Касцёла. Паўнамоцтвы “мадэратара” абмяжоўваліся б, паводле кардынала Кокапальмерыё, толькі да Рымскай курыі.

Паводле праекту, кардыналы - кіраўнікі дыкастэрый, павінны “на прамую і часта, прынамсі раз у месяц” мець магчымасць сустрэчы з Папам, каб інфармаваць Пантыфіка непасрэдна аб сваёй дзейнасці. Акрамя таго, яны павінны рэгулярна сустракацца паміж сабой, у прысутнасці Папы, з мэтай каардынацыі сваёй дзейнасці.

Пасля стварэння кансультацыйнай групы пры Пантыфіку з васьмі кардыналаў, якія прадстаўляюць пяць кантынентаў, што сведчыць аб жаданні Папы мець непасрэдны кантакт з епіскапатамі ўсяго свету, паводле кардынала Кокапальмерыё, існуе неабходнасць у стварэнні кансіліума з двух-трох кардыналаў, сапраўдных “рымскіх”, як назваў іх старшыня Папскай рады па інтэрпрэтацыі заканадаўчых тэкстаў, якія дапамагалі б Святому Айцу ў штодзённым кіраванні Касцёлам.

Кардынал нагадаў, што апошняя рэформа Рымскай курыі адбылася ў 1967 г. падчас пантыфікату папы Паўла VI. Некаторыя змены ў яе функцыянаванне былі ўнесены ў часы Яна Паўла ІІ.

Рэформа Курыі запатрабуе таксама ўдзелу экспертаў, асабліва ў эканамічнай сферы. Гаворка ідзе пра новае “разгрупіраванне” Прэфектуры эканамічных спраў і Адміністрацыі маёмасці Апостальскай Сталіцы, а таксама вызначэнне новых кампетэнцый Губернатарата Дзяржавы Ватыкан. Таксама можа паўстаць пытанне Ватыканскага банка і эканамічных і фінансавых аспектаў дзейнасці некаторых кангрэгацый. Можа быць “гарманізавана” тэматыка дзейнасці некаторых ватыканскіх дыкастэрый.








All the contents on this site are copyrighted ©.