70 тыс. маладых людзей на Дні бежмаваных у Ватыкане
70 тыс. маладых людзей
пацвердзілі свой ўдзел 28 красавіка ў Эўхарыстыі на плошчы св. Пятра з папам Францішкам
у рамках Дня бежмаваных. Падчас яе Святы Айцец удзеліць сакрамэнт хрысціянскай сталасці
44 маладым людзям з усяго свету; яны сімвалічна будуць прадстаўляць увесь Касцёл на
ўсіх пяці кантынентах. Узрост кандыдатаў розны, самым юным, з Румыніі і Італіі, 11
гадоў, самаму сталаму, з вострава Каба-Вэрдэ, 55 гадоў. Біскупы вызначылі найбольш
падрыхтаваных кандыдатаў з мясцовых Касцёлаў, паведаміў галоўны арганізатар Дня бежмаваных,
арцыбіскуп Рына Фізікела. Беларусь будуць прадстаўляць Эдуард Зелянко і Ірына Юневіч
з мінскай парафіі Найсвяцейшай Тройцы.
Пасля св. Імшы бежмаваныя разам з сем’ямі
будуць мець магчымасць братняга абмену і супольнага святкавання. Папа Францішак уручыць
ім у памяць пра гэты момант невялікую, але значную памятку, прызнаўся старшыня Папскай
рады па новай евангелізацыі. У другой палове дня ўсе збяруцца ў Зале Паўла VI у Ватыкане,
дзе пачуюць тры важных сведчанні, звязаных з досведам веры і навяртаннем.
Другім
важным мерапрыемствам у рамках Года веры стане Дзень брацтваў і народнай пабожнасці.
Ён пройдзе ў Рыме 3-5 мая. На яго збяруцца 50 тыс. прадстаўнікоў з усіх куткоў планеты.
У 20 рымскіх касцёлах на працягу трох дзён яны будуць мець магчымасць удзелу ў катэхезах
і св. Імшах, якія правядуць высокія каталіцкія іерархі, у тым ліку з Рымскай курыі.
5 мая адбудзецца ўрачыстая Эўхарыстыя на плошчы св. Пятра, якую ўзначаліць Папа.