2013-04-23 12:31:17

Сацыёлаг: беларускія школьнікі вельмі мала ведаюць аб рэлігіі


RealAudioMP3 Беларускія школьнікі амаль нічога не ведаюць аб рэлігіі – да такіх высноваў прыйшлі спецыялісты, якія зусім нядаўна правялі цікавае сацыялагічнае апытанне вучняў старэйшых класаў мінскіх школ і іх бацькоў. І хоць 85% рэспандэнтаў прызналі значэнне рэлігіі ў жыцці чалавека, аб значнасці рэлігіі ва ўласным жыцці сказалі толькі 66%. Яшчэ больш цікавымі атрамаліся адказы на пытанне: “Якая ўвогуле рэлігія вам вядома?”. Вынікі дацэнт кафедры філасофіі культуры факультэта філасофіі і сацыяльных навук БДУ Святлана Карасёва лічыць феноменам. “Са 100% школьнікаў 21% адказалі – буддызм; каталіцызм ведаюць амаль 16%, ён апераджае праваслаўе з яго 13%. Іслам знаходзіцца на другім месцы пасля буддызму”, - паведаміла навуковец у інтэрв’ю Ватыканскаму радыё. “Тут трэба разбірацца з крыніцамі інфармацыі, - лічыць яна. - У традыцыйных рэлігій у Беларусі, якія выкарыстоўваюць і тэлевізійныя каналы, і друкаваную прэсу – вялікая місія. Але, магчыма, гэтымі каналамі не карыстаюцца маладыя людзі, яны, як вядома, карыстаюцца іншымі крыніцамі. Магчыма, трэба было б гэтыя крыніцы – транслявання і атрымання інфармацыі – сумясціць”.

Такой крыніцай магло б стаць выкладанне асноў рэлігіязнаўства ў беларускіх школах. Але і тут сацыёлагі сутыкнуліся з праблемай. На пытанне: “Калі ў школе з’явіцца спецыялізаваны курс, ці будуць старшакласнікі яго наведваць?”, 32% з іх адказалі, што ім гэта не патрэбна. Амаль 60% сказалі, што пойдуць, калі іх што-небудзь зацікавіць, і толькі 8% выказалі сваю зацікаўленасць курсам. Але гэтыя лічбы яшчэ больш пераконваюць – рэлігійная адукацыя ў школе ў той ці іншай форме павінна існаваць, перакананая Святлана Карасёва.

“Што тычыцца ўяўлення аб рэлігіях. Школьнікі з цяжкасцю ўяўляюць, што гэта за феномен такі. Рэлігія атаясамліваецца з нейкімі рэлігійнымі формамі, больш знешнімі, абрадавымі. Аб рэлігіі ведаюць адзінкі, тыя, хто зрабіў яе сэнсам жыцця – практыкуючыя праваслаўныя ці катэхізаваныя католікі. Аб’ектыўна вярнуць веды грамадству аб рэлігіі трэба, каб кожны меў уяўленне і вызначыў сваю ролю ў жыцці”, - лічыць сацыёлаг.

На працягу гадоў у Беларусі прадпрымаюцца крокі па ўкараненні ў школах факультатыва “Асновы праваслаўнай культуры” . Некалькі гадоў таму праграма па гэтым курсе была зацверджана Міністэрствам адукацыі як эксперыментальная. Пайсці далей перашкаджае меркаванне насельніцства, лічіць Святлана Карасёва. “Пад такім курсам многія разумеюць выкладанне Закона Божага, таму асцярожнічаюць і не спяшаюцца, бо не ведаюць, што ім далей з гэтым рабіць”, - лічыць яна.

Ёсць і іншыя праблемы, на думку спецыялістаў: змест гэтага факультатыва і методыка выкладання. А яшчэ адсутнасць выкладчыкаў, якія маглі б рабіць гэта прафесійна і адказна, у выпадку, калі б релігіязнаўства стала абавязковай школьнай дысцыплінай па ўсёй краіне. Атрымліваецца замкнёнае кола.

Ларыса Абрамчук, Мінск.







All the contents on this site are copyrighted ©.