2013-04-22 12:37:30

Святы Айцец: не шукаць іншых брамаў, апроч Езуса


RealAudioMP3 У многіх хрысціян існуе спакуса знайсці іншую браму, каб увайсці ў Божае Валадарства, апроч Езуса, адзначыў папа Францішак. Сваю гамілію ў капліцы Дома св. Марты 22 красавіка Пантыфік прысвяціў вобразу Езуса – Добрага Пастыра, якога Евангелле называе “брамай для авечак”. “Адзіная брама для ўваходу ў Божае Валадарства і Касцёл – гэта сам Езус”, - нагадаў Святы Айцец. “Хто не ўваходзіць у аўчарню праз браму, залязаючы туды інакш, той злодзей і злачынец”, які “жадае выключна ўласнай выгады”, - дадаў ён. У сённяшняй Эўхарыстыі на чале з Папам прынялі ўдзел супрацоўнікі Залы Друку Апостальскай Сталіцы з яе кіраўніком кс. Фэдэрыка Ламбардзі, а таксама тэхнічны персанал перадаючага цэнтра Ватыканскага радыё. Францішак адзначыў, што у асяроддзі хрысціян існуюць тыя, хто свядома ці несвядома робіць выгляд, што ўваходзіць у “аўчарню”, але на самой справе “крадзе хвалу Езуса, хоча ўласнай славы”, на падабенства фарысеяў. Паводле Папы, каб увайсці ў браму, трэба быць пакорным, бедным і справядлівым.

Езус не толькі брама, але і дарога, звярнуў увагу Святы Айцец. Існуе шмат сцяжынак, “магчыма нават больш выгодных”, але яны памылковыя, несапраўдныя, сказаў Папа. Пантыфік заклікаў прасіць Бога аб ласцы адшукання праўдзівай брамы. “Часам яна бывае зачыненай і мы становімся смутнымі, апускаем рукі, нам цяжка стукацца у яе. Але не ідзіце шукаць іншых, якія здаюцца больш простымі, камфортнымі, блізкімі”, - заклікаў Папа і нагадаў, што Езус не падвядзе ніколі, бо сам аддаў жыццё за кожнага з нас.








All the contents on this site are copyrighted ©.