2013-04-22 10:16:59

Нямецкі кардынал: мы абралі Папу, зараз павінны дапамагчы яму


RealAudioMP3 Восем кардыналаў увайшлі ў нядаўна створаную дарадчую групу пры Пантыфіку, якая будзе разглядаць пытанні, звязаныя з надзённымі праблемамі Касцёла, у тым ліку зоймецца рэформай Рымскай курыі. Сярод іерархаў, якія прадстаўляюць мясцовыя Касцёлы, арцыбіскуп Мюнхенска-Фрайзінгскі, кардынал Рэйнхард Маркс. У інтэрв’ю Ватыканскаму радыё ён прызнаўся, што стварэнне такой групы яго не здзівіла, паколькі гэта пытанне шырока абмярковалася падчас сустрэч паміж кардыналамі перад канклавам. “Мы, кардыналы, абралі Папу, зараз мы таксама павінны быць гатовыя, каб дапамагчы яму”, - сказаў нямецкі пурпурат. У гэтым, паводле яго, сутнасць стварэння кансультацыйнага цела. Ён паведаміў, што пакуль не атрымаў ніякіх уступных дакументаў і дадатковай інфармацыі па тэме першай сустрэчы групы ў пачатку кастрычніка.

“Я ўсё больш і больш пераконваюся, што Бог даў нам гэтага Папу”, - заявіў кардынал Маркс. “Калі скончыліся выбары, мы самі былі здзіўлены тым, што ўсё адбылося ў два дні. А потым мы спыталі сябе, што цяпер будзе? Але ўсе былі перакананыя, што тут ёсць знак Святога Духа”, - дадаў ён, дзелячыся сваімі ўражаннямі ад канклава і новага Пантыфіка. Нямецкі іерарх перакананы, што апошнія тыдні паказалі правільнасць выбару.







All the contents on this site are copyrighted ©.