2013-04-21 14:12:03

Пантыфік заклапочаны міжнароднымі праблемамі


RealAudioMP3 21 красавіка, пасля малітвы “Regina Coeli”, Святы Айцец звярнуў увагу сабраных на плошчы перад ватыканскай базылікай на некаторыя міжнародныя праблемы, турбуючыя яго. Францішак адзначыў, што “уважліва сочыць за падзеямі, што адбываюцца ў Венесуэле”, дзе нарастае паслявыбарчы крызіс. Пантыфік заявіў аб сваёй глыбокай заклапочанасці дадзенай сітуацыяй і прызнаўся, што “інтэнсіўна моліцца” у інтэнцыі пошуку шляхоў справядлівага і мірнага пераадолення “сур’ёзных цяжкасцяў”, якія перажывае краіна. Францішак заклікаў венесуэльскі народ, і асабліва палітыкаў, “цвёрда адмовіцца ад любога насілля”, а таксама ўсталяваць дыялог, заснаваны на праўдзе і ўзаемнай павазе, каб такім чынам весці пошук агульнага дабра. “Я прашу вернікаў маліцца і працаваць для паяднання і міру”, - заклікаў Папа.

Святы Айцец заявіў аб сваёй малітве за пацярпелых ад магутнага землятрусу ў паўднёва-заходняй частцы Кітая, у выніку якога загінулі або прапалі без вестак па меншай меры 200 чалавек, а ўсяго пацярпелі 11,5 тысяч чалавек, у тым ліку 960 сур’ёзна.

Францішак нагадаў, што ў другой палове дня 21 красавіка у італьянскім Сандрыа будзе абвешчаны благаслаўлёным кс. Нікола Руска, які жыў у XVI-XVII стагоддзях. Папа адзначыў, што гэта быў узорны пастыр, якога забілі ў палітычнай і рэлігійнай барацьбе, што ахоплівала Еўропу ў той час. “Мы дзякуем Пану за Яго сведчанне!”, - сказа Пантыфік.

Пасля марыйнай малітвы Святы Айцец прывітаў усіх пілігрымаў, якія прыбылі ў Рым з розных краін і запрасіў іх, у “Сусветны дзень малітваў аб пакліканнях”, заснаваны 50 гадоў таму па “шчаслівай інтуіцыі” папы Паўла VI, да асаблівай малітвы, каб Пан паслаў шматлікіх работнікаў на сваё жніво.







All the contents on this site are copyrighted ©.