2013-04-19 09:57:55

Восем гадоў таму быў абраны Бэнэдыкт XVI


RealAudioMP3 Восем гадоў таму, 19 красавіка 2005 г., у выніку дастаткова кароткага канклаву, 115 кардыналаў абралі пераемніка Яна Паўла II, кардынала Ёзэфа Ратцынгера, на Пасад св. Пятра. Ён “быў у руля” Касцёла да 20-й гадзіны 28 лютага 2013 г., пасля таго, як сам, 11 лютага, абвясціў аб сваім сыходзе з Пятровага служэння. Кардынал Ратцынгер быў абраны праз 17 дзён пасля смерці свайго папярэдніка, і, хоць многія прадказвалі яго абранне, хуткасць рашэння канклаву стала ў сваім родзе сюрпрызам. Потым многія тлумачылі гэта высокім інтэлектуальным, тэалагічным і пастырскім узроўнем “кандыдата” Ратцынгера. Ва ўсякім разе, вынікі канклаву, які доўжыўся два дні, паказалі, што кардыналы-выбаршчыкі з самага пачатку мелі даволі выразную ідэю, што дазволіла ў 2005 г. абраць кардынала Ратцынгера ў чатырох турах галасавання.

Лейтматывам пантыфікату Бэнэдыкта XVI стала пакора, лічыць арцыбіскуп Вінчэнца Палья, старшыня Папскай рады па справах сям’і. “На працягу ўсяго свайго пантыфікату ён адзначаўся пакорай: пакорай таго, хто не шкадаваў сябе ў працы, пакорай таго, хто хацеў, каб праўда пераважала над любымі іншымі ідэямі, пакора таго, хто сапраўды ўключыў любоў у сваё жыццё”, - ахарактарызаваў Бэнэдыкта XVI яго супрацоўнік. Ён лічыць, што менавіта пакора ляжала ў аснове жэсту адстаўкі Папы. “Ён сапраўды не думаў пра сябе, ён думаў пра Касцёл” і пра тое, што Евангелле павінна абвяшчацца на дарогах свету, які рызыкуе страціць сэнс існавання, - сказаў старшыня Папскай рады ў інтэрв’ю Ватыканскаму радыё.

Арцыбіскуп Палья перакананы, што гісторыя папярэднікаў Бэнэдыкта XVI і Францішка – Яна XXIII, Паўла VI, Яна Паўла I і Яна Паўла IІ – пераплятаецца ў іх двух асобах. Іерарх лічыць, што трэба дзякаваць Богу за такіх Пантыфікаў, якімі была адзначана гісторыя Касцёла і свету ў апошнія стагоддзі.







All the contents on this site are copyrighted ©.