2013-04-19 14:08:13

Ватыканскі журналіст: Францішак вярнуў паўсядзённае вымярэнне пантыфікату


RealAudioMP3 З пачаткам пантыфікату папы Францішка былі пераможаны, у шматлікіх аспектах, вынікі ўпадку свецкай улады Рымскіх Пантыфікаў, лічыць галоўны рэдактар “L’Osservatore Romano” Джавані Марыя Вьян. Упадак папскай дзяржавы наступіў падчас пантыфікатаў Пія ІХ і Льва ХІІІ, якія бачылі ў гэтым сваю асабістую трагедыю, падзяліўся з парталам “Vatican Insider” журналіст. Ён нагадаў, што Пантыфікі пасля 1870 г., на знак пратэсту, падкрэсліваючы статус вязняў Ватыкана, не з’яўляліся ў цэнтральнай лоджыі базылікі св. Пятра. Толькі ў 1929 г., калі была заснавана Дзяржава Ватыкан, папа Пій ХІ прызнаў, што праз страту свецкай ўлады Пантыфікі атрымалі больш зручнасці ў выкананні свайго служэння.

Гаворачы аб пантыфікаце папы Францішка, Вьян заявіў, што ён у многім нагадвае часы Яна ХХІІІ, “Добрага Папы”. “З Францішкам стаў відавочны паварот да паўсядзённага вымярэння пантыфікату, аб чым надзвычай ясна сведчаць яго ранішнія св. Імшы, на якія ён запрашае ватыканскіх супрацоўнікаў і іншых вернікаў”, - лічыць галоўны рэдактар “L’Osservatore Romano”. Паводле яго, Францішак працягвае душпастырскую лінію сваіх папярэднікаў на Пасадзе св. Пятра.

Вьян адзначыў назвычайную камунікабельнасць Святога Айца, які “з дапамогай жэстаў і простых слоў выклікае зацікаўленасць і сімпатыю ў вернікаў і няверуючых”. На яго думку, захапленне Францішкам такой вялікай колькасці людзей, гэта вынік яго блізкасці да чалавека, што праяўлялася ўжо раней, калі быў арцыбіскупам Буэнас-Айрэса. “Гэтыя адносіны паміж біскупам і народам рашуча вызначаюць сапраўднае душпастырскае вымярэнне служэння Рымскага Пантыфіка, вымярэнне, якое непадзельна звязана з кафедрай Біскупа Рыма, Наступніка св. Пятра, Першага з апосталаў”, - лічыць высокапастаўлены ватыканскі журналіст.








All the contents on this site are copyrighted ©.