2013-04-18 10:34:58

Папа: аддаю перавагу Касцёлу, які трапляе ў аварыі, чым таму, які хварэе


RealAudioMP3 Глядзець на душпастырскую дзейнасць у місійным ключы – з такім заклікам звярнуўся Францішак да аргентынскага епіскапата ў сувязі з яго пленарным пасяджэннем, пачатак якога запланаваны на 20 красавіка. Святы Айцец перад сваім абраннем быў членам біскупскай канферэнцыі і павінен быў прыняць удзел у красавіцкай асамблеі, таму, у першую чаргу, папрасіў прабачэння ў іерархаў за тое, што не зможа прыняць удзел у сходзе. У сваім пасланні папа Францішак звярнуў увагу на заданне, якое стаіць перад Касцёлам, выйсці са свайго асяроддзя і ісці ў накірунку “перыферый існавання”. “Касцёл, які не выходзіць па-за свае межы, рана ці позна захварэе ў скажонай атмасферы зачыненых пакояў”, - падкрэсліў Святы Айцец. Ён адзначыў, што сапраўды, калі “выйсці на вуліцу, можна патрапіць у аварыю”. “Я на тысячу разоў больш аддаю перавагу Касцёлу, які трапляе ў аварыі, чым таму, які хварэе”, - сказаў Францішак. Паводле яго, “тыповай хваробай Касцёла з’яўляецца самадастатковаць і самалюбаванне. У гэтым кантэксце Францішак звярнуў увагу на небяспеку “нарцысізма, які вядзе да духоўнай марнасці і сафістычнага клерыкалізму”.

Папа перадаў сваё прывітанне ўсяму аргентынскаму народу і папрасіў біскупаў аб малітве за сябе, каб ён “не напоўніўся пыхай і быў здольным чуць тое, чаго жадае Бог”, а не тое, чаго хоча ён сам.








All the contents on this site are copyrighted ©.