2013-04-17 14:55:44

“Веру, ведаю, разумею”. Шчаслівая тая, якая паверыла (І)


RealAudioMP3 Мы пачынаем новы цыкл разважанняў, які будзе называцца “Шчаслівая тая, якая паверыла”. Па яго назве можна здагадацца, што размова пойдзе пра Найсвяцейшую Панну Марыю. Калі быць больш дакладным, то на працягу нашых наступных штотыднёвых сустрэч мы будзем размаўляць пра веру Маці Божай. Зараз Касцёл перажывае Год веры. Акрамя таго, у ліпені будзе адзначацца 400-годдзе прыбыцця абраза Маці Божай у Будслаў. Чым не нагода для разважання аб веры Марыі і паглядзець на тое, чаму яе прыклад можа навучыць нас сёння? Мы пагаворым аб тым, як, углядаючыся ў прыклад Марыі, зрабіць нашу веру больш жывой і моцнай. У сваю чаргу гэтыя разважанні нам дапамогуць больш плённа перажыць Год веры, а таксама духоўна падрыхтавацца да будслаўскіх урачыстасцяў.

Трэба адзначыць, што пры іх падрыхтоўцы выкарыстоўваліся катэхезы італьянскага святара, вядомага бібліста і кіраўніка службы пакліканняў Рымскай дыяцэзіі кс. Фабіа Расіні. На яго думку, кожны хрысціянін павінен мець кропку апоры, жывы прыклад веры.

У Старым Запавеце прыкладам веры быў Абрагам. На старонках кнігі Быцця можна пазнаёміцца з рознымі этапамі яго жыцця у якіх прасочваецца яго сталенне і ўмацаванне ў веры, што адбывалася ў розных канкрэтных жыццёвых сітуацыях. Але прыклад веры Абрагама не з’яўляецца для нас канчатковым.
Самым дасканалым, плённым і яскравым прыкладам веры з’яўляецца менавіта Панна Марыя. Гэта не пустыя словы і не выдумка асобных святароў. На важнасць прыкладу веры Марыі ўказаў сам св. Лука Евангеліст. Яго Евангелле з’яўляецца апавяданнем, скіраваным да аднаго з вучняў – Тэафіла. Св. Лука, хацеў пазнаёміць яго са свайго роду катэхезай – дапамагчы яму ўзрасці ў веры, пазнаць, у чым заключаецца хрысціянская навіна, як можна прыняць яе ў сваім асабістым жыцці. Тэафіл не меў магчымасці асабіста ведаць Хрыста і чуць ад Яго пра сэнс веры, і таму св. Лука вырашыў запісаць сваё апавяданне.

Цікава, што ў першых двух раздзелах Евангелля паводле св. Лукі адным з галоўных персанажаў з’яўляецца менавіта Панна Марыя. Менавіта гэта дзяўчына з Назарэта паказвае, што азначае верыць. І менавіта тут, на першых старонках, з вуснаў св. Альжбэты, яна называецца шчаслівай, бо паверыла.

Але варта заўважыць, што св. Лука звяртае ўвагу яшчэ на адну асобу – Захарыю. Гэты біблійны герой выступае ў якасці, сваго роду, фона для вобразу Марыі. Абедзве гэтыя асобы аб’ядноўвае тое, што да іх з’явіўся арханёл Габрыэль і абвясціў аб тым, што ў іх народзяцца дзеці. Для Захарыі і Марыі такая навіна была выключна незвычайнай. Як вядома, Захарыя быў стары, а яго жонка Альжбета бясплодная. У сваю чаргу Марыя “не спазнала мужа”.

У гэтых двух гісторыях цікавае тое, якім чынам гэтыя асобы адказалі на абвяшчэнне анёла. Першы, задаўся пытаннем: “Па чым я пазнаю гэта?”. Панна Марыя у сваю чаргу спыталася: “Як станецца гэта?”. На першы погляд можа падавацца, што адказы вельмі падобныя, але ў сапраўднасці яны абсалютна розныя.

Гэта бачна таксама па рэакцыі арханёла. Захарыі ён адказаў вельмі моцнымі словамі: “Я Габрыэль, стаю перад Богам, і пасланы гаварыць з табой і абвясціць табе добрую навіну пра гэта. І вось ты, будзеш маўчаць і не зможаш гаварыць да дня, калі гэта станецца, за тое, што не паверыў словам маім, якія збудуцца ў свой час”.

Аднак, у выпадку Марыі, арханёл адказаў зусім па іншаму: “Дух Святы сыдзе на Цябе, і моц Найвышэйшага ахіне Цябе. Таму і Святое, што народзіцца, будзе названа Сынам Божым”.

Чаму такая адрозная рэакцыя? Чаму з-за пытання Захарыі арханёл робіць яго нямым, а ў адказ на пытанне Марыі прамаўляе светлыя, радасныя і цёплыя словы? Аб гэтым мы пагаворым у нашай наступнай праграме.








All the contents on this site are copyrighted ©.