2013-04-17 11:11:32

Сузіраць Хрыста і дзейнічаць


RealAudioMP3 Якое значэнне мае Унебаўшэсце Езуса? Якія яго наступствы для нашага жыцця? Што азначае сузіраць Хрыста, які сядзіць праваруч Айца? На гэтыя пытанні адказаў папа Францішак падчас агульнай аўдыенцыі 17 красавіка. Сваю катэхезу Святы Айцец пачаў з разважання аб уваходзе Езуса ў Ерузалем. “У той час, калі ён “узыходзіў” у Святы Горад, дзе павінен быў адбыцца яго “зыход” з гэтага жыцця, Езус ужо бачыў мэту – Неба, але і ведаў, што шлях, які вядзе да хвалы Айца праходзіць праз крыж, праз паслухмянасць Божаму плану любові да чалавецтва”, - сказаў Францішак. “Таксама і мы павінны ясна разумець у нашым хрысціянскім жыцці, што ўваход у хвалу Бога патрабуе штодзённай вернасці яго волі, нават калі яна вымагае ахвяры і часам змены нашых планаў. Унебаўшэсце Езуса непасрэдным чынам адбылося на Аліўнай гары, побач з месцам, куды ён аддаляўся для малітвы напярэдадні мукі, каб прабываць у глыбокай еднасці з Айцом: чарговы раз мы бачым, што малітва дорыць нам ласку жыцця, вернага Божым планам”, - адзначыў Пантыфік.

Папа звярнуў увагу на два элементы, звязаныя з Унебаўшэсцем Хрыста. Першы тычыўся “святарскага жэсту благаслаўлення”, які Хрыстус удзяліў сваім вучням на развітанне. Гэта ўказвае нам, што Езус “адзіны і вечны Святар”, які заступаецца за нас перад Айцом. “Унебаўшэсце Езуса дае нам магчымасць пазнаць гэту, такую суцяшаючую для нашага шляху, рэальнасць: у Хрысце, сапраўдным Богу і чалавеку, наша чалавецтва было прыведзена да Бога. (...) Калі будзем давяраць Яму, калі дазволім Яму весці нас, будзем мець упэўненасць, што знаходзімся ў надзейных руках”, - сказаў Папа.

Другі элемент, на які звярнуў увагу Папа тычыўся радасці вучняў пасля Унебаўшэсця Хрыста. “Звычайна, калі мы назаўсёды развітваемся з нашымі роднымі, сябрамі, асабліва з прычыны смерці, нас напаўняе натуральны сум, выкліканы тым, што больш ніколі не ўбачым іх аблічча, не пачуем іх голасу, не зможам адчуць іх блізасць, прысутнасць. Аднак евангеліст падкрэсліў глыбокую радасць апосталаў. Чаму так адбывалася? А менавіта таму, што праз позірк веры яны зразумелі, што, хоць Езус і знік з іх вачэй, застанецца з імі назаўсёды, не пакіне ніколі, і ў хвале Айца будзе падтрымліваць, весці і застапуцца за іх”, - падкрэсліў Пантыфік.

Францішак адзначыў, што св. Лука ўзгадваў аб Унебаўшэсці Езуса на пачатку Дзеяў Апосталаў, каб паказаць, наколькі гэта падзея звязвае зямное жыццё Хрыста з жыццём Касцёла. Паводле Папы, у гэтым ёсць заклік да сузірання “Валадарання Езуса”, атрымання ад Яго сілы для сведчання Евангелля ў штодзённым жыцці. “Сузіраць і дзейнічаць, “ora et labora”, навучаў св. Бэнэдыкт – гэтыя два элементы неабходны для нашага хрысціянскага жыцця”, - нагадаў Святы Айцец.

Францішак падкрэсліў, што Унебаўшэсце Пана сведчыць аб тым, што “Ён жыве сярод нас новым чынам”. “Не знаходзіцца больш ў канкрэтнай частцы свету, як было перад Унебаўшэсцем, (...) але прысутнічае ў кожным месцы і часе, побач з кожным з нас”, - падкрэсліў Пантыфік.








All the contents on this site are copyrighted ©.