Сіла хросту заклікае
хрысціяніна мужна абвяшчаць Хрыста таксама ў небяспецы, нават падчас пераследу, лічыць
папа Францішак. Паводле яго, гэта тое, што заўсёды адбываецца ў гісторыі, “таму што
гэта шлях Езуса”. І гэта ўсведамлялі першыя хрысціяне. Яны былі простымі вернікамі
нядаўна прыняўшымі хрост, але знайшлі ў сабе сілы пайсці і абвяшчаць. “Яны мелі веру!
Яны чынілі цуды”, - звярнуў увагу Францішак 17 красавіка падчас гаміліі ў капліцы
Дому св. Марты.
“Я думаю пра нас, ахрышчаных: ці ёсць у нас гэта сіла? (...)
Ці хопіць хросту, ці дастаткова яго для евангелізацыі?”, - спытаў Святы Айцец. Паводле
яго, многія хрысціяне думаюць, што “могуць спаць спакойна”, паколькі атрымалі хрост,
канфірмацыю, прыступілі да Першай св. Камуніі. Гэта памылка, паколькі многія з такіх
згубілі “сілу Духа, якая падштурхоўвае ісці наперад”.
Калі хрысціянін абвяшчае
Езуса жыццём, сведчаннем і словам, Касцёл для яго становіцца сапраўднай Маці, а сам
ён адчувае сябе яго дзіцём. “Але калі мы гэтага не рэалізуем, Касцёл перастае быць
Маці і ператвараецца ў Касцёл-няньку, якая клапоціцца толькі аб тым, каб пакласці
дзіцяці спаць. Гэта Касцёл бяздзейнасці”, - заўважыў Святы Айцец і запрасіў вернікаў
памятаць пра хрост і адказнасць, якая вынікае з яго.