2013-04-17 11:58:30

Кардынал Равазі пра “восем спосабаў” актывізаваць кантакты Папы з рэгіёнамі


RealAudioMP3 Папа Францішак “рэалізуе цудоўную формулу кожнага працэсу камунікацыі, калі суб’ект і пасланне адпавядаюць адно аднаму”, лічыць кардынал Джанфранка Равазі. Ён сустрэўся з аўстрыйскімі журналістамі 15 красавіка. Вядома, адзначыў старшыня Папскай рады па культуры, Касцёл заўсёды патрабуе тэалагічнага зместу. Паводле яго, Бэнэдыкт XVI у сваім навучанні зыходзіў як бы зверху, ад прынцыпаў, а Францішак робіць адваротнае, ён пачынае знізу, і адтуль вядзе да гэтых вялікіх прынцыпаў.

Многія задаваліся пытаннем, як гэта магчыма, што канклаў – “сход кансерватыўных і старых кардыналаў” – з іроніяй адзначыў іерарх, зрабіў “такі нечаканы выбар”. На яго думку, прычына ў тым, што большасць кардыналаў з’яўляюцца кіраўнікамі дыяцэзій і дакладна ведаюць, якія патрабаванні там існуюць. А кожны Папа ў пэўным сэнсе з’яўляецца такім адказам на турбуючыя пытанні. Кардынал Равазі адзначыў, што Францішак – гэта сімвал знішчэння дыстанцыі паміж людзьмі. Аб гэтым сведчаць яго нечаканыя тэлефонныя званкі да шматлікіх людзей рознага рангу. “Папа з’яўляецца, безумоўна, фігурай сакральнай. Але калі ён падымае трубку – ён проста чалавек”, - звярнуў увагу ватыканскі іерарх.

“Добрым крокам” назваў кардынал Равазі стварэнне новай кардынальскай кансультатыўнай групы пры Пантыфіку. Гэта “восем спосабаў” актывізаваць кантакты з рэгіёнамі, сказаў ватыканскі іерарх, спаслаўшыся на колькасць членаў групы. Неўзабаве ён чакае канкрэтных зменаў. “Гэта добра, што ўсё гэта здарылася, таму я лічу, што Рымская Курыя будзе рэфармавана”, - заявіў кардынал.







All the contents on this site are copyrighted ©.