2013-04-15 10:19:55

Беларусь: католікі – у чаканні св.Тэрэзы з Лізьё


RealAudioMP3 У жыцці Касцёла ў Беларусі хутка адбудзецца значная падзея. 1 чэрвеня ў Мінску святары і вернікі будуць сустракаць вялікую святыню – рэліквіі св. Тэрэзы ад Дзіцятка Езуса. У гэты дзень каля 18.00 рэлікіярый прыбудзе ў архікатэдральны касцёл Імя Найсвяцейшай Панны Марыі, адкуль пачне сваё падарожжа па ўсёй краіне, паведаміў кармэліт, а. Сяргей Трысцень. “Гэта асаблівы момант для нашай краіны. Рэліквіі св. Тэрэзы ад Дзіцятка Езуса ўжо пабывалі ў 50 краінах свету, у тым ліку ў нашых суседзяў – Расіі, Украіне, Літве, Латвіі, а у гэтым годзе дайшла чарга і да нас”.

Св. Тэрэза нарадзілася ў французскім Авансоне ў 1873 г. Ужо маючы 15 гадоў дзяўчына зрабіла выбар – цалкам прысвяціла сябе Богу, уступіўшы ў Ордэн кармелітак. Але каб здейсніць гэта ў юнацкім узросце ёй нават прыйшлося звяртацца асабіста да папы Льва XIII. Сваім вельмі непрацяглым жыццём – яна памерла ў 24 гады – Тэрэза даказала, што пайшла правільным шляхам. Цяжкія абавязкі ў кляштары, унутраныя перажыванні, хваробу – усё гэта св. Тэрэза прынесла ў ахвяру для збаўлення свету.

“Св. Тэрэза не з’яўляецца нейкай унікальнай святой, яна не вылучаецца нейкімі вялікімі творамі – містычнымі ці тэалагічнымі. Але яе вельмі шануюць вернікі. Яна праз сваё штодзённае жыццё, пакорнае жыццё, дасканалае выконванне абавязкаў. дасягнула вялікай святасці. Можа таму яна з’яўляецца такой блізкай для кожнага чалавека. Яна паказвае, што, каб быць святым, не трэба зрабіць нейкіх вялікіх спраў, дастаць зоркі з неба, але дастаткова выконваць сціпла, у цішыні, свае штодзённыя абавязкі і выконваць іх з любоўю да Бога і бліжняга”, - адзначыў а. Сяргей.

А доказ такой любові да святой – амаль у кожным беларускім касцёле ці капліцы, дзе можна знайсці выяву св. Тэрэзы ад Дзіцятка Езуса. Пазнаць яе вельмі лёгка – гэта вобраз малой законніцы з крыжом і букетам руж, з якіх асыпаюцца пялёсткі – нагадаў айцец Сяргей: “св. Тэрэза казала, калі памірала, што калі прыйдзе на неба, будзе спасылаць на зямлю, як гэтыя пялёскі, Божыя ласкі. Таму сімвалам святой з’яўляюцца ружы”.

Сапраўды, благаслаўляць св. Тэрэза пачала ўвесь свет – у 1923 г. яна была абвешчана благаслаўлёнай і праз два гады кананізавана. А пасля Другой сусветная вайны, у 1947-ым, яе рэліквіі ўпершыню пакінулі кляштар у Лізьё, дзе захоўваліся пастаянна. З тых пор – адно падарожжа за другім. Нароўні з Жаннай Д’Арк апякункай Францыі, апякунку місій і місіянераў – Св. Тэрэзу чакаюць усюды. У 1951 г. яна была абвешчана апякункай Расіі. А ў 1997 г. папа Ян Павел II надаў св. Тэрэзе тытул Доктара Касцёла. Яна стала самым малодшым доктарам Касцёла ў гісторыі – і не за доктарскую дысертацыю, а за “Гісторыю адной душы” – аўтабіяграфічны твор. “Св. Тэрэза ў сваёй аўтабіяграфіі “Гісторыя адной душы” апісала такую падзею. Яна казала, што ў сучасным жыцці выкарыстоўваюць розныя сродкі, напрыклад, мы карыстаемся ліфтам, каб падняцца на паверх. І дзе знайсці такі ліфт, каб падняцца да Бога? А менавіта праз сваю дарогу дзяцінства і любові да Бога яна дасягнула такіх вялікіх вяршынь у сваім духоўным жыцці”, - сказаў а. Сяргей.

Падарожжа рэліквій Св. Тэрэзы па Беларусі будзе працягвацца амаль 3 месяцы – з Мінска яны адправяцца па ўсім дыяцэзіям краіны, пабываюць у шматлікіх парафіях, каб кожны жадаючы змог дакрануцца да святой. Завершыцца агульнабеларуская перэгрынацыя 22 жніўня ў Віцебску.

Ларыса Абрамчук, Мінск.







All the contents on this site are copyrighted ©.