2013-04-14 18:14:55

Пантыфік пра “сярэдні клас святасці”, да якога ўсе мы належым


RealAudioMP3 14 красавіка вечарам адбыўся візіт Святога Айца ў базыліку св. Паўла за Мурамі. Тут Папа ўзначаліў св. Імшу, падчас якой звярнуў увагу на асобу св. Паўла, магіла якога знаходзіцца рымскай базыліцы, які абвяшчаў Хрыста словам, засведчыў пра Яго сваёй мучаніцкай смерцю і праславіў Яго ўсім сваім сэрцам. Менавіта на гэтых трох дзеясловах засяродзіўся Францішак у сваёй гаміліі. Ён спытаўся: ці можам мы сёння несці Божае Слова ў наша асяроддзе? Ці ўмеем казаць пра Хрыста, пра тое, хто ён для нас, у сям’і, з людзьмі, якія з’яўляюцца часткай нашага паўсядзённага жыцця? “Вера нараджаецца ад слухання, а ўзмацняецца праз абвяшчэнне”, - заўважыў Папа і дадаў, што прапаведванне апосталаў складалася не толькі са словаў; яно палягала на вернасці Хрысту. Тут Францішак звярнуўся да духавенства і заўважыў, што “не можна пасвіць Божай аўчарні”, калі няма згоды, каб Божая воля вяла туды, куды ісці не хочацца, калі няма гатоўнасці даваць дар з сябе, “без агаворак, без карысці, часам нават коштам уласнага жыцця”. Але гэта тычыцца і ўсіх, звярнуў увагу Пантыфік, не толькі біскупаў і святароў.

Святы Айцец заўважыў, што “сведчанне веры прымае мноства формаў”, але ў вялікім плане Бога, важная любая дробязь, нават самая незаўважальная. Папа звярнуў увагу на прысутнасць “святых штодзённасці”, “схаваных святых”, свайго роду “сярэдняга класу святасці”, да якога ўсе мы можам належаць. “Кожны, хто нас слухае і глядзіць на нас, павінен быць у стане прачытаць у нашых паступках, тое, што чуе з нашых вуснаў, і дзякаваць Богу! Неадпаведнасць у вернікаў і пастыраў, між тым, што кажуць і што робяць, паміж словам і ладам жыцця, падрывае давер да Касцёла”, - адзначыў Папа.

Вышэйузгаданае, абвяшчэнне і сведчанне, магчыма толькі тады, калі мы побач з Хрыстом, заўважыў Пантыфік. “Я хачу, каб усе мы спыталі сябе: ці ты, ці я, адаруем Пана? Прыходзім да Бога толькі, каб прасіць, дзякаваць, ці ідзём да Яго таксама каб Яго адараваць?”, - паставіў пытанні Святы Айцец і патлумачыў, што адараваць Бога, гэта значыць вучыцца быць з Ім, спыніцца, каб паразмаўляць з Ім, адчуваючы, што Яго прысутнасць самая сапраўдная, найлепшая, самая важная з усіх. “Адараваць Пана, значыць даць Яму месца, якое павінен мець”, - падкрэсліў Пантыфік.

Францішак звярнуў увагу на прысутнасць у жыцці сучаснага чалавека “малых і вялікіх ідалаў”, у якіх ён шукае абароны. “Гэта могуць быць амбіцыі, кар'ерызм, смак поспеху, змяшчэнне сябе ў цэнтры, тэндэнцыя да панавання над іншымі, імкненне быць адзінымі гаспадарамі нашага жыцця, грахі, да якіх мы прывязаныя, і многае іншае”, - звярнуў увагу Папа. Ён запрасіў кожнага шчыра назваць сваіх схаваных ідалаў, якія перашкаджаюць адараваць Бога. Святы Айцец заклікаў не забывацца, што Бог адзіны валадар нашага жыцця, і Ён запрашае пазбавіцца ад шматлікіх ідалаў і проста адараваць Яго.







All the contents on this site are copyrighted ©.