2013-04-14 15:57:06

Касцёл у Германіі чакае папу Францішка


RealAudioMP3 Каталіцкі Касцёл у Германіі запрасіў папу Францішка на Нацыянальны эўхарыстычны кангрэс на пачатку чэрвеня ў Кёльн. Кардынал Ёахім Майснэр, якога цытуе нямецкае каталіцкае інфармацыйнае агенцтва “KNA”, сказаў аб гэтым 13 красавіка ўвечары падчас св. Імшы ў Кёльнскім саборы, падчас якой вернікі дзякавалі за абранне новага Папы. Ён, як арцыбіскуп Кёльнскі, і старшыня Канферэнцыі Біскупаў, арцыбіскуп Роберт Цоліч, запрасілі Святога Айца прыняць удзел у заключнай Эўхарыстыі форума на мясцовым стадыёне. Пантыфік да гэтага часу не адмовіўся ад прапановы, што дае магчымасць спадзявацца на яго прыезд, заявіў кардынал Майснэр.

Арганізатарам буйнога рэлігійнага мерапрыемства выступае нямецкі епіскапат, а гаспадаром Кёльнская архідыяцэзія. Чакаецца, што 5-9 чэрвеня сюды прыбудзе каля 60 тыс. удзельнікаў. У цэнтры форуму стаіць Эўхарыстыя, як цэнтральны сакрамэнт Каталіцкага Касцёла. Па прыкладу сусветных дзён моладзі, якія праходзілі ў Кёльне летам 2005 г., тут плануюцца набажэнствы, рэлігійныя дыскусіі, начныя малітвы, лекцыі і канцэрты.

Кардынал Майснэр падкрэсліў тую ўвагу, якую Папа надае Эўхарыстыі. Падчас сваёй першай св. Імшы ў Сікстынскай капэле, пасля абрання, Францішак падкрэсліў, што алтар Эўхарыстыі для яго быў адзіным спосабам, каб сказаць Пятроваму служэнню “так”.







All the contents on this site are copyrighted ©.