2013-04-13 12:28:09

Папа: не “прыхарошваць” жыцця


RealAudioMP3 Жыцця не трэба “прыхарошваць”, калі справы ідуць кепска, паколькі гэта азнака недаверу да Бога. Хрысціянін, наадварот, павінен прымаць тое, што з ім адбываецца, усе ўрокі жыцця, звярнуў увагу папа Францішак падчас ранішняй св. Імшы 13 красавіка ў капліцы Дому св. Марты. Святы Айцец спаслаўся на чытанне Дзеяў Апосталаў, у якім гаворыцца аб узаемных нараканнях у першай хрысціянскай супольнасці. “Першае, што яны робяць, гэта шэптам кажуць адзін супраць аднаго”, - заўважыў Папа. “Але гэта не прыводзіць да якога-небудзь рашэння”, - дадаў ён. Толькі апосталы адрэагавалі правільна, яны паклікалі вучняў, каб паразмаўляць з імі. І гэта першы крок, заўважыў Францішак, “калі існуюць цяжкасці”, трэба са шчырасцю размаўляць і “ніколі не хавацца”. “Мы не павінны баяцца праблем: сам Езус сказаў сваім вучням: “Гэта Я, не бойцеся. Я ёсць”, - нагадаў Пантыфік. “У цяжкасцях жыцця, праблемах, новых рэчах, якія мы павінны прыняць, Пан знаходзіцца побач. Мы можам, канешне, памыліцца, але Ён заўсёды блізка і кажа: “Ты памыліўся, вярніся на правільны шлях”, - дадаў Святы Айцец.

Папа запрасіў “не баяцца, не прыхарошваць жыцця, прымаць яго такім, якое яно ёсць і спрабаваць вырашыць праблемы, як гэта рабілі апосталы, шукаць сустрэчы з Езусам, які заўсёды побач нас, нават у самыя цёмныя моманты жыцця”.







All the contents on this site are copyrighted ©.