Кардынал Бэртонэ: універсітэт – прывілеяванае месца
Прывілеяваным месцам
назваў універсітэт кардынал Тарчызіо Бэртонэ. Менавіта тут, на думку Дзяржсакратара
Яго Святасці Папы, спаўняюцца спадзяванні моладзі на культурны і прафесійны рост,
дзякуючы чаму маладыя людзі атрымліваюць магчымасць ў далейшым уносіць уклад у пабудову
грамадства. Іерарх нагадаў, што інвестыцыя ў адукацыю, гэта падрыхтоўка будучыні грамадства,
а інвестыцыя ў каталіцкі ўніверсітэт – уклад у пашану да годнасці чалавека і супольнага
дабра.
13 красавіка кардынал Дзяржсакратар скіраваў пасланне ў сувязі з днём
Каталіцкага ўніверсітэта Найсвяцейшага Сэрца, які будзе адзначацца ў Італіі 14 красавіка.
Кардынал Бэртонэ пераказаў просьбу Святога Айца, які заклікае італьянскіх
католікаў і ўсіх, хто падзяляе хрысціянскае бачанне чалавека і падтрымлівае плённую
гармонію паміж навукай і верай, актыўна падтрымаць Каталіцкі ўніверсітэт Найсвяцейшага
Сэрца, і такім чынам дапамагчы даследаванням, якія тут вядуцца ў адпаведнасці з этычнымі
крытэрыямі.
Кардынал Дзяржсакратар звярнуў увагу на тое, што святкаванне дня
Каталіцкага ўніверсітэта Найсвяцейшага Сэрца з’яўляецца “кульмінацыйным момантам,
калі аднаўляецца цесная сувязь паміж універсітэтам і дыяцэзіяльнымі і парафіяльнымі
супольнасцямі. Ад імя папы Францішка яго найбліжэйшы супрацоўнік выказаў удзячнасць
і падтрымку навуковай установе.