2013-04-13 11:22:03

30 дзён пантыфікату: якім будзе час папы Францішка?


RealAudioMP3 “Будзе, безумоўна, вельмі свабодны і незалежны ў сваіх рашэннях, не будзе дзейнічаць балюча”, - заявіў Гусман Карыкіры, які добра ведае папу Францішка. Сёння споўніўся роўна месяц пасля абрання кардынала Берголія на Пасад св. Пятра. Уругвайскі юрыст, які з’яўляецца сакратаром Папскай камісіі па Лацінскай Амерыцы, цесна супрацоўнічаў з былым арцыбіскупам Буэнас-Айрэса. Ён працуе ў Ватыкане з 1977 г. і як сам адзначае, гэта дазваляе яму сцвердзіць, што ўсе жэсты новага Папы абсалютна спантанныя. “Ён не робіць дэмагагічных знакаў, каб зрабіць добрае ўражанне перад светам: ён проста такі, як чалавек, і як пастыр, і будзе працягваць заставацца такім”, - сказаў Карыкіры парталу “Terre d’America”. Для былога падсакратара Папскай рады па справах свецкіх сённяшні Папа адпаведны таму моманту, які перажывае Касцёл, бо Буэнас-Айрэс, арцыбіскупам якога да нядаўняга часу быў Святы Айцец, уяўляе сабой своеасаблівую мадэль сучаснай сітуацыі, у якой апынуліся католікі. Гэта велізарны касмапалітычны горад, “уважлівы да ходу еўрапейскай думкі, з найбольшай культурнай і інтэлектуальнай шчыльнасцю ў Лацінскай Амерыцы”. Тут моцнае хрысціянства, але ў той жа час праяўляецца поўная секулярызацыя, тыповая для Захаду. Кардыналу Берголіа давялося штодня сутыкацца з усім гэтым, і рабіў ён гэта заўсёды на аснове евангельскага радыкалізму, звярнуў увагу Карыкіры.

Сёння, па прашэсці 30 дзён пантыфікату, многія людзі задаюцца пытаннем, як новы Папа будзе рэагаваць на пытанні, звязаныя з маральнай сферай, звярнуў увагу ватыканскі супрацоўнік і выказаў перакананне, што Пантыфік з Лацінскай Амерыкі будзе абараняць асноўныя прынцыпы хрысціянскага вучэння, але рабіць гэта не імкнучыся да канфрантацыі тыпу “сценка на сценку”. Ён будзе падкрэсліваць прыгажосць хрысціянскага досведу, каб маральныя нормы сталі больш зразумелымі сучаснаму чалавеку. Рэзкія словы з яго вуснаў будуць гучаць заўсёды з пазіцыі міласэрнасці, якая выразна адрознівае, што ёсць зло, грэх, ад таго, хто робіць памылкі, і не падлягае асуджэнню, але варты абдымкаў любові.

Гусман Карыкіры нагадаў, што папа Францішак заўсёды выступаў супраць ідэалогій, якія не шануюць чалавечай асобы, у тым ліку таталітарнага сацыялізму, роўна як і капіталістычнага неалібералізму з утопіяй самарэгулявальнага рынку.







All the contents on this site are copyrighted ©.