2013-04-12 15:33:36

Святы Айцец: інтэрпрытацыя Бібліі павінна адпавядаць традыцыі Касцёла


RealAudioMP3 Інтэрпрытацыя Бібліі, адарваная ад традыцыі Касцёла, не можа быць задавальняючай, звярнуў увагу папа Францішак падчас сустрэчы з ўдзельнікамі пленарнай асамблеі Папскай біблійнай камісіі. Яе члены 8-12 красавіка разважалі ў Ватыкане пра “Натхненне і праўду ў Бібліі”. Паводле Святога Айца, гэта тэма важная як у кантэксце ўсяго Касцёла, так і асобнага верніка, бо на Божым Слове заснаваны хрысціянскае жыццё і місія, яно з’яўляецца душой тэалогіі і, адначасова, натхненнем для ўсяго хрысціянскага існавання. Святое Пісанне з’яўляецца пісьмовым сведчаннем аб Божым Слове, звярнуў увагу Пантыфік; яно “папярэднічае Бібліі і пераўзыходзіць яе”, “каб зразумець яго правільна, патрэбна пастаянная прысутнасць Святога Духа, які навучыць усёй праўдзе”.

Папа адзначыў моцную сувязь, якая існуе паміж Традыцыяй і Святым Пісаннем. Трэба ўлічваць гэту сувязь падчас біблійных даследаванняў і адносіцца да яе з уважлівасцю. Гэта дапаможа пазбегнуць неадпаведнасці тлумачэнняў з верай Касцёла. “Інтэрпрытацыя святых тэкстаў не можа быць выключна індывідуальным навуковым намаганнем; яна павінна параўноўвацца, уключацца і адпавядаць жывой традыцыі Касцёла”, - сказаў Папа.

Францішак нагадаў, што тэксты, натхнёныя Богам, былі давераны супольнасці вернікаў, Касцёлу Хрыста, каб падпітваць веру і жыццё любові. Паводле яго, павага да гэтай глыбокай прыроды Святога Пісання абумоўлівае правільнасць і эфектыўнасць біблійнай герменэўтыкі. Адначасова Папа падкрэсліў, што незадавальняючай з’яўляецца “любая суб’ектыўная ці проста абмежаваная аналізам інтэрпрытацыя, няздольная ўпітаць у сябе глабальны сэнс, які на працягу стагоддзяў напаўняў Традыцыю ўсяго Народа Божага”.








All the contents on this site are copyrighted ©.