2013-04-11 13:27:10

Святы Айцец сустрэўся з членамі “Papal Foundation”


RealAudioMP3 11 красавіка папа Францішак прыняў на аўдыенцыі членаў “Papal Foundation” (Папскага фонду) – амерыканскай дабрачыннай арганізацыі, якая фінансава дапамагае Святому Айцу ў вырашэнні многіх праблем сусветнага маштабу. Фонд быў заснаваны ў 1988 г. і сёлета адзначае 25-годдзе сваёй дзейнасці. З гэтай нагоды яго члены прыбылі ў Вечны горад, каб сустрэцца з Папам асабіста. Узначаліў групу кардынал Дональд Вюрл, арцыбіскуп Вашынгтонскі. Звяртаючыся да гасцей, Францішак падкрэсліў, што Фонд значна паспрыяў развіццю многіх мясцовых Касцёлаў у краінах, якія развіваюцца, адукацыі святароў і законнікаў, аказанню медыцынскай дапамогі бедным і патрабуючым. “Я вам вельмі ўдзячны за ўсё гэта. Патрэбы Народа Божага ў свеце вялікія, а вашы намаганні на карысць развіцця місіі Касцёла дапамагаюць перамозе над многімі формамі матэрыяльнай і духоўнай беднасці, прысутнымі ў чалавечай сям’і, спрыяючы пашырэнню братэрства і міра. 50-я гадавіна энцыклікі “Pacem in terris” бл. Яна ХХІІІ, якае прыпадае менавіта на сёння, няхай стане стымулам для пастаяннага спрыяння згодзе і міру на ўсіх узроўнях”, - заклікаў Пантыфік.

Святы Айцец, нагадаў, што ў пасхальны перыяд Касцёл заклікае дзякаваць “за Божую міласэрнасць і новае жыццё, якое мы атрымалі ад уваскрослага Хрыста”. “Малюся, каб вы маглі адчуваць радасць, якая нараджаецца ад удзячнасці за шматлікія дары Пана і служылі апошнім сярод сваіх братоў і сясцёр”, - сказаў Папа.

Акрамя таго, Пантыфік звярнуў увагу на тое, што адным з абавязкаў “Papal Foundation” з’яўляецца “духоўная салідарнасць з Наступнікам св. Пятра”. Святы Айцец папрасіў прысутных аб малітве за яго і ў патрэбах Касцёла, “асабліва, каб розумы і сэрцы навярталіся да прыгажосці, дабрыні і праўды Евангелля”.








All the contents on this site are copyrighted ©.