2013-04-11 12:06:09

Прызнана першая ватыканская сацыяльная прэмія


RealAudioMP3 11 красавіка ў Ватыкане ўпершыню ўручылі прыміі за дасягненні ў папулярызацыі сацыяльнага навучання Касцёла. У першым конкурсе пад назвай “Эканоміка і грамадства” перамаглі іспанскі прафесар, езуіт, Хуліа Луіс Марцінэс Марцінэс, за навуковую працу “Грамадзянства, міграцыя і рэлігія. Этычны дыялог з боку хрысціянскай веры”, і італьянскі навуковец Стэфана Дзамані, за даследаванне “Эканоміка агульнага дабра”. Ініцыятарам уручэння прэміі стаў папскі фонд “Centesimus Annus – Pro Pontifice”. Пераможцаў абвясціў сёння кардынал Даменіка Калганіа, кіраўнік Адміністрацыі маёмасці Апостальскай Сталіцы.

Ватыканскі іерарх адзначыў, што айцец прафесар Марцінэс сваёй навуковай дзейнасцю даказвае, што сацыяльная дактрына Касцёла можа забяспечыць рэальную дапамогу і ўнесці незаменны ўклад у адпаведны адказ на пытанне сучаснай міграцыі. Прафесар Дзамані, у сваю чаргу, прапануе пашырыць спектр фундаментальных катэгорый, якія дазваляюць зразумець эканамічную дзейнасць. Гаворка ідзе пра сферу каштоўнасцяў. Ён перакананы, што без братэрства і ўзаемадапамогі рынак і дзяржава не могуць функцыянаваць правільна. Кардынал Калганіа падкрэсліў, што мэтай прэміі з’яўляецца рэальная дапамога тым, хто сам мае глыбокія веды ў сацыяльным навучанні Касцёла і імкнецца іх распаўсюджваць.

Ідэя стварэння фонду “Centesimus Annus – Pro Pontifice” сыходзіць сваімі каранямі да аднайменнай энцыклікі Яна Паўла ІІ, выдадзенай 1 мая 1991 г. з нагоды 100-годдзя сацыяльнай энцыклікі “Rerum Novarum” Льва XIII. Фонд, які мае статус папскага, быў створаны ў 1993 г. Ён з’яўляецца некамерцыйнай дабрачыннай ватыканскай структурай, нацэленай у першую чаргу на працу з прафесіяналамі ў сферы бізнеса, якія падтрымліваюць прынцыпы сацыяльнага навучання Касцёла і жадаюць унесці ўклад у стварэнне новай эканамічнай і сацыяльнай культуры.







All the contents on this site are copyrighted ©.