2013-04-11 13:13:30

Амерыканская панк-зорка на аўдыенцыі з Папам


RealAudioMP3 Cярод тых, каго папа Францішак прывітаў падчас агульнай аўдыенцыі 10 красавіка, была сусветнавядомая амерыканская панк-зорка і паэтэса Паці Сміт. Яна прыбыла ў Вечны горад спецыяльна, каб сустрэцца са Святым Айцом. У інтэрв’ю “L’Osservatore Romano” 65-гадовая Сміт падзялілася, што пасля таго, як пачула пра адстаўку Бэнэдыкта XVI, малілася, каб будучы Пантыфік узяў сабе імя Францішак. “Я думала, што калі Папа абярэ гэта імя, ён зможа сказаць свету, што прыйшоў служыць бедным, больш наблізіцца да прыроды, клапаціцца пра навакольнае асяроддзе, менавіта як св. Францішак”, - сказала спявачка. Паці Сміт прызналася, што калі даведалася пра белы дым над Сікстынскай капэлай, малілася на працягу гадзіны менавіта аб гэтым, а калі яе мара споўнілася, паабяцала што прыбудзе ў Рым з надзеяй асабіста сустрэць Святога Айца.

Паці Сміт дала канцэрт у Вечным горадзе, падчас якога выканала песню, прысвечаную двум Папам – Францішку і Яну Паўлу І.








All the contents on this site are copyrighted ©.