2013-04-11 15:14:08

50-годдзе знакамітай энцыклікі Яна ХХІІІ


RealAudioMP3 50 гадоў таму, 11 красавіка 1963 г., была апублікавана энцыкліка папы Яна ХХІІІ “Pacem in terris” (Мір на зямлі). Сённяшняя “L’Ossevatore Romano” звяртае ўвагу, што за ўсю гісторыю, ні адна энцыкліка не мела такога вялікага рэзанансу ў сусветных СМІ, як гэта. Каб паспрыяць больш шырокаму абмеркаванню дакумента і праблем, якія ў ім закраналіся, Папа пайшоў на парушэнне трыдыцыйнага пратаколу – на падпісанне энцыклікі былі запрошаны тэле- і фотажурналісты з усяго свету. Цырымонія прайшла за два дні да афіцыйнай публікацыі. Энцыкліка аб фундаментах трывалага міра на Зямлі з’явілася ў самы разгар халоднай вайны. За два гады да яе напісання свет двойчы стаяў на парозе атамнай вайны – у 1961 г.,у выніку Берлінскага крызісу, і ў 1962 г., Карыбскага. У згладжванні адносін паміж супрацьстаячымі бакамі немалую ролю адыграў сам Пантыфік, дзякуючы чаму ў 1962 г. амерыканскі “Times” абвясціў яго “чалавекам года”. Энцыкліка Яна ХХІІІ стала адказам на самыя актуальныя праблемы таго часу і напаўняла надзеяй чалавецтва.

Цікава што ўвага да таго, што гаварыў Папа, існавала па абодва бакі жалезнай завесы. Дакумент упершыню меў “паўсюдны” характар – Папа звяртаўся не толькі да католікаў, але і да міжнароднай і палітычнай супольнасці, падкрэсліваў ролю ААН.

Да сённяшняга дня энцыкліка мае “надзвычайную актуальнасць”, на што звяртаў увагу ў 2003 г., падчас канфлікта ў Іраку, бл. Ян Павел ІІ, паколькі звяртае ўвагу на чатыры стаўпы, якія трымаюць свет: праўду, свабоду, справядлівасць і любоў.








All the contents on this site are copyrighted ©.