2013-04-10 14:58:43

Папа Францішак: чалавека збаўляюць не грошы або слава, але Божая любоў


RealAudioMP3 Бог збаўляе чалавека сваёй любоўю, а не лістом ці дэкрэтам, - сказаў папа Францішак падчас св. Імшы раніцай 10 красавіка ў капліцы Дома св. Марты ў Ватыкане. Сваю гамілію ён прысвяціў рэчаіснасці збаўлення, якое паводле Святога Айца, азначае паўторнае атрыманне ад Бога годасці яго сыноўства і вяртанне надзеі. Праблема палягае на перакананні сучаснага чалавека ў магчымасці збавіць сябе самога з дапамогай, напрыклад, багаццяў, звярнуў увагу Папа. Ён нагадаў, што грошы могуць даць толькі часовае задавальненне, якое не мае нічога супольнага з сапраўдным збаўленнем.

Разам са Святым Айцом сённяшнюю Эўхарыстыю цэлебравалі кардыналы Анджэла Садана і Анджэла Камастры. На св. Імшы прысутнічала таксама міністр унутраных спраў Італіі Анна Марыя Канчэльеры.

Францішак звярнуў увагу на яшчэ адну праблему сучаснага чалавека; апошні часта думае, што моцным яго робяць слава і ўзвышэнне. На самой справе, яны толькі аслабляюць нас, бо камуфлююць нашу духоўную беднасць і грахі. Яны перашкаджаюць нашаму збаўленню. “Сапраўднае збаўленне палягае на годнасці, якую дорыць нам Бог, і на надзеі, якую Хрыстус даў нам у Пасхе”, - сказаў Пантыфік. У любоў Бога да нас трэба верыць, бо менавіта Яго любоў збаўляе чалавека, дадаў ён. “Адкрыем наша сэрца, каб туды ўвайшла гэта любоў, напоўніла нас і дала стымул, каб мы любілі іншых”, - сказаў у завяршэнні папа Францішак.








All the contents on this site are copyrighted ©.