2013-04-10 11:24:15

Думаць, дзейнічаць і любіць як Хрыстус


RealAudioMP3 Што для нашага жыцця азначае ўваскрасенне? Адказу на гэта пытанне прысвяціў сваю катэхезу папа Францішак. 10 красавіка Святы Айцец сустрэўся з вернікамі на традыцыйнай агульнай аўдыенцыі на плошчы св. Пятра. Падчас яе, Папа адзначыў, што смерць і ўваскрасенне з’яўляюцца асновамі нашай веры, “як дом, які стаіць на фундаменце”. Пантыфік нагадаў, што Езус падарыў сябе, узяўшы нашы грахі і сышоўшы ў прорву смерці. Праз уваскрасенне “Ён перамог іх, знішчыў і адкрыў нам шлях адраджэння да новага жыцця”. Менавіта гэту думку, паводле Францішка, выказаў у адным са сваіх пасланняў св. Пётр. “Апостал кажа нам, што з уваскрасеннем Езуса адбылося нешта абсалютна новае: мы былі вызвалены ад рабства граху і сталі сынамі Божымі, былі адроджаны да новага жыцця”, - сказаў Папа і дадаў, што гэта адбываецца ў жыцці кожнага верніка падчас сакрамэнту хроста.

“У старажытнасці, яго звычайна ўдзялялі праз пагружэнне. Той, хто павінен быў атрымаць хрост, уваходзіў у вялікую купель баптыстэрыя, пакідаючы сваю вопратку, а біскуп ці святар тройчы пагружаў яго ў ваду з галавой, хрысцячы ў імя Айца і Сына і Святога Духа. Затым ахрышчаны выходзіў і апранаў новую вопратку, белую: ён нарадзіўся да новага жыцця, пагрузіўшыся ў смерць і ўваскрасенне Езуса. Станавіўся сынам Божым. (...) Святы Дух рэалізуе ў нас новы стан дзяцей Божых. І гэта з’яўляецца самым вялікім дарам, які мы атрымліваем ад пасхальнай таямніцы Езуса”, - сказаў Папа.

Паводле Святога Айца, сыноўнія адносіны з Богам – гэта не той скабр, які трэба “захоўваць у кутку ўласнага жыцця; ён павінен расці, штодзённа падпітвацца слуханнем Божага Слова, малітвай, удзелам у сакрамэнтах, асабліва споведзі і Эўхарыстыі, а таксама любоўю”. Быць дзецьмі Божымі, “азначае, што мы кожны дзень павінны дазваляць Хрысту перамяняць нас”, “спрабаваць жыць як хрысціяне, спрабаваць ісці за Ім, нават калі бачым нашы абмежаванні і слабасці”.

“Спакуса пакінуць Бога ў баку і паставіць у цэнтр саміх сябе заўсёды стаіць каля нашых дзвярэй, а досвед граху раніць наша хрысціянскае жыццё, наша быццё сынамі Божымі. Таму мы павінны мець адвагу веры, не дазволіць кіраваць сабой ментальнасці, якая кажа: “Бог не патрэбны, не важны для цябе” і гэтак далей. Усё як раз наадварот: толькі паводзячы сябе як дзеці Божыя, не апускаючы рукі перад нашымі падзеннямі, грахамі, адчуваючы сябе любімымі Ім, наша жыццё будзе новым, натхнёным спакоем і радасцю. Бог – наша сіла. Бог – наша надзея!”, - адзначыў Пантыфік.

Папа Францішак звярнуў увагу на тое, што наследаванне Хрыста заключаецца не толькі ў выкананні запаведзяў, але і ў тым, каб “быць у Хрысце, думаць як Ён, дзейнічаць як Ён, любіць як Ён, і дазваляць, каб Ён авалодаў нашым жыццём і змяніў яго, перамяніў, вызваліў ад цемры зла і граху”.

“Тым, хто спытае аб прычынах надзеі, якая ёсць ў нас, укажам на ўваскрослага Хрыста. Укажам на яго абвяшчэннем Слова, але перш за ўсё нашым жыццём уваскрослых. Пакажам радасць быцця сынамі Божымі, свабоду, якую дае жыццё ў Хрысце, што з’яўляецца сапраўднай свабодай, ад рабства, зла, граху і смерці!”, - сказаў Папа.

Напрыканцы Францішак адзначыў, што ўглядаючыся ў нябесную Айчыну, вернікі атрымліваюць новае святло і сілы для сваіх намаганняў і штодзённых спраў. “Гэта тое каштоўнае служэнне, якое мы павінны даць гэтаму свету, які больш не здольны ўзняць позірк увышыню, больш не здольны ўзняць позірк на Бога”, - сказаў Святы Айцец.








All the contents on this site are copyrighted ©.