2013-04-09 11:10:35

Чатыры “вайтыліянскія” жэсты папы Францішка


RealAudioMP3 Чатыры жэсты Яна Паўла ІІ у выкананні папы Францішка заўважыла італьянская прэса падчас наведання новаабраным Пантыфікам базылікі св. Яна на Латэране. Там 7 красавіка адбыўся ўрачысты інгрэс Святога Айца на рымскую кафедру. Самым моцным жэстам падчас Эўхарыстыі стаў пастарал у руках Францішка, увенчаны крыжам аўтарства неапалітанскага мастака Лела Скарцэлі. Менавіта гэты папскі посах, сімвал Наступніка св. Пятра, выкарыстоўваў Ян Павел ІІ на працягу ўсіх 27 гадоў свайго пантыфікату. Трэба адзначыць, што Бэнэдыкт XVI аддаў перавагу спачатку пастаралу Пія IX а затым іншаму, больш сучаснаму, зробленаму спецыяльна для яго. Менавіта апошні ў першыя тыдні выкарыстоўваў папа Францішак, таму яго з’яўленне ў латэранскай базыліцы ўпершыню з пастаралам Яна Паўла ІІ стала сапраўдным сімвалам.

Другім “вайтыліянскім” жэстам Францішка, паводле італьянскага парталу “Il Fatto Quotidiano”, стала благаслаўленне табліцы, якая абвяшчала аб наданні плошчы перад латэранскай базылікай імя благаслаўлёнага Яна Паўла ІІ. Трэцім жэстам стала дата інгрэсу. Ён адбыўся ў Нядзелю Божай Міласэрнасці, якую ўстанавіў Ян Павел II. Благаслаўлёны Папа таксама памёр у вігілію гэтай урачыстасці, у суботу 2 красавіка 2005 г. Чацвёрты жэст, які аб’яднаў двух Пантыфікаў – гэта выхад на цэнтральны балкон базылікі св. Яна на Латэране, каб вітаць і благаславіць вернікаў з зараз ужо непазбежнымі ў выкананні папы Францішка: “добры вечар” і “добрай ночы”.







All the contents on this site are copyrighted ©.