Раніцай 9 красавіка
2013 г. у Ватыкане Святы Айцец прыняў на аўдыенцыі Генеральнага сакратара Арганізацыі
Аб’яднаных Нацый Пан Гі Муна. Пасля сустрэчы з папам Францішкам палітык правёў размовы
з кардыналам Дзяржсакратаром Тарчызіо Бэртонэ, якога суправаджаў кс. прэлат Антуан
Камілеры, падсакратар па адносінах Святога Пасаду з дзяржавамі. Як адзначае Зала Друку,
сустрэчы, падчас якіх Пантыфік прымае кіраўніка ААН, сталі ўжо традыцыйнамі. Яны між
іншым падкрэсліваюць ролю Святога Пасаду ў дасягненні мэтаў Арганізацыі ў справе захавання
міру ва ўсім свеце, клопаце пра агульнае дабро чалавецтва і абароне асноўных правоў
чалавека. Падчас сардэчных размоў былі абмеркаваны тэмы, якія прадстаўляюць агульны
інтарэс, у прыватнасці, сітуацыі, звязаныя з канфліктамі і гуманітарным крызісам,
асабліва ў Сірыі, на Карэйскім паўвостраве і на Афрыканскім кантыненце, дзе мір і
стабільнасць знаходзяцца пад пагрозай. Размова ішла такасама пра праблемы гандлю людзьмі,
асабліва жанчынамі, у першаю чаргу, з ліку бежанцаў і мігрантаў.
Генеральны
сакратар ААН, які нядаўна пачаў другі тэрмін на гэтай пасадзе, прадставіў сваю пяцігадовую
праграму, засяродзіўшыся, у прыватнасці, на прадухіленні канфліктаў, міжнароднай салідарнасці
і справядлівага і ўстойлівага эканамічнага развіцця.
Папа Францішак са свайго
боку нагадаў пра ўклад Каталіцкага Касцёла, адпаведна яго ідэнтычнасці і сродкам,
у абарону чалавечай годнасці і развіццё культуры сустрэчы, што адпавядае таксама высокай
мэце Арганізацыі Аб’яднаных Нацый.