2013-04-08 14:43:20

Папа і кіраўнік Евангелічна-Лютэранскай Царквы Германіі абмеркавалі актуальныя праблемы


RealAudioMP3 8 красавіка папа Францішак сустрэўся са старшынёй Рады Евангелічна-Лютэранскай Царквы Германіі Нікалаусам Шнайдэрам. Аўдыенцыя адбылася ў Апостальскім палацы ў Ватыкане. Кс. Фэдэрыка Ламбардзі назваў яе “па-сапраўднаму сардэчнай сустрэчай”. Паводле кіраўніка Залы Друку, Нікалаус Шнайдэр выразіў Святому Айцу свае віншаванні з нагоды пачатку пантыфіката, а таксама высока ацаніў выбар імені “Францішак”, таму што “гэты святы па-сапраўднаму прамаўляе да ўсіх хрысціян асабліва плённым чынам”. Кіраўнік Евангелічна-Лютэранскай Царквы выказаў спачуванні Святому Айцу ў сувязі з павадкой у Аргентыне і запэўніў у сваім суперажыванні пакутам аргентынскага народа. “Затым, размова на тэму экуменізма была засяроджана на асаблівай каштоўнасці экуменізма мучанікаў, якому Папа надае асабліва моцнае значэнне, маючы таксама глыбокія веды аб пакутах многіх лютэран у перыяд нацыянал-сацыялізма і ў іншых сітуацыях. Кроў пралітая мучанікамі – гэта нешта, што глыбока аб’ядноўвае розныя хрысціянскія канфесіі ў супольным сведчанні аб Хрысце”, - сказаў кс. Ламбардзі.

Кіраўнік Залы Друку Апостальскай Сталіцы таксама паведаміў, што падчас сустрэчы закраналася тэма святкавання 500-годдзя Рэфармацыі, якое адбудзецца ў 2017 г. У сувязі з гэтым, Францішак узгадаў аб прамовах Бэнэдыкта XVI у Эрфурце, у кляштары ў якім жыў і працаваў Марцін Лютэр. Паводле Папы, словы яго папярэдніка, з’яўляюцца асабліва значнымі для экуменізма і адносін паміж Каталіцкім Касцёлам і Евангелічна-Лютэранскай Царквой, у прыватнасці. “Такім чынам, сустрэча была крайне плённай і значнай для развіцця экуменізма, якое без сумневаў будзе працягвацца на працягу гэтага Пантыфіката”, - сказаў кс. Ламбардзі.








All the contents on this site are copyrighted ©.