Папа перад “Regina caeli”: мы не павінны баяцца быць хрысціянамі (поўны тэкст)
“Мы не павінны баяцца
быць хрысціянамі і жыць па-хрысціянску!”, - сказаў папа Францішак перад малітвай “Regina
caeli” 7 красавіка на плошчы св. Пятра ў Рыме. Таксама і сёння прыбылі тысячы вернікаў,
каб сустрэцца са Святым Айцом. У сваім кароткім разважанні Пантыфік нагадаў, што сёння
Касцёл адзначае нядзелю Божай Міласэрнасці. Папа нагадаў, што Міласэрны Бог нам
заўсёды прабачае і за гэтае прабачэнне праліў кроў Сын Божы
“Добры дзень,
дарагія браты і сёстры- прывітаў Папа прысутных вернікаў- у гэту нядзелю , якая заканчывае
Велікодны тыдзень, я паўтараю ўсім вам пасхальнае прывітанне словамі, якія сказаў
сам уваскрослы Езус: “Спакой вам” (Ян 20,19.21.26.) Гэта не прывітанне, ці нават
не простыя пажаданні: гэта падарунак, больш таго, каштоўны дар, які Хрыстус дае сваім
вучням пасля пацярпення смерці і пекла. Ён прыносіць спакой, так як абяцаў: “Спакой
пакідаю вам, спакой Мой даю вам. Не так, як дае свет, Я вам даю” (Ян 14, 27). Гэты
супакой гэта плён перамогі любові Бога над злом, плён прабачэння. Бо так менавіта
ёсць: сапраўдны, глыбокі супакой прыходзіць з вопытам досведу Божай міласэрнасці.
Сёння мы адзначаем нядзелю Божай міласэрнасці, па жаданні бл. Яна Паўла ІІ, які памёр
менавіта ў вігілію гэтага свята.
Евангелле ад Яна кажа, што Езус з’явіўся
два разы апосталам, якія замкнуліся ў Доме: першы раз таго ж самага вечара пасля ўваскрасення,
калі сярод іх не былоТамаша, які сказаў: калі не ўбачу, не дакрануся да Яго, не паверу.
Другі раз Езус з’явіўся праз восем дзён і тады быў таксама Тамаш. І Езус звяртаецца
менавіта да яго, каб паглядзеў на Яго раны і дакрануўся да іх; тады Тамаш усклікнуў:
“Пан мой і Бог мой” (Ян 20,28). Езус сказаў яму: “Ты паверыў, таму што ўбачыў Мяне.
Шчаслівыя тыя, хто не бачыў, а паверыў” ( там 29). Кім былі тыя, хто паверылі не
ўбачыўшы? Гэта былі іншыя вучні, іншыя мужчыны і жанчыны з Ерусаліма, якія нягледзячы
на тое, што не сустрэлі ўваскрослага Езуса, паверылі сведчанням апосталаў і жанчын.
Гэта вельмі важнае слова адносна веры, якое мы можам назваць “благаславенствам веры”.
"Благаслаўлёныя, якія не бачылі, але паверылі. Ва ўсе часы і ва ўсіх месцах, благаслаўлёныя
гэта тыя, хто праз Слова Божае, абвяшчанае ў Касцёле і пра якое сведчаць хрысціяне,
вераць, што Езус Хрыстус гэта ўцелаўленне любові Бога і міласэрнасці. І гэта важна
ўсім нам.
Езус даў апосталам, разам са сваім спакоем, таксама Святога Духа,
каб яны змаглі распаўсюджваць ў свеце прабачэнне грахоў, тое прабачэнне, якое толькі
Пан можа даць і за якое праліў кроў Сын Божы (Ян 20,21-23). Уваскрослы Езус паслаў
Касцёл перадаваць людзям дараванне грахоў, каб такім чынам паспрыяць павелічэнню Валадарства
любові, пасяленню спакою ў сэрцах, каб ён таксама ўмацаваўся ў адносінах паміж людзьмі,
у грамадствах, ва ўстановах. І дух уваскрослага Хрыста выганяе страх з сэрцаў апосталаў
і заклікае іх выйсці з Дома, каб несці Евангелле ў свет. Таксама і мы павінны мець
больш адвагі ў сведчанні веры ва уваскрослага Хрыста! Мы не павінны баяцца быць хрысціянамі
і жыць па-хрысціянску! Мы павінны мець тую мужнасць , каб пайсці і абвяшчаць уваскрослага
Хрыста, бо Ён з’яўляецца нашым супакоем. Ён паспрыяў супакою сваёй любоўю і прабачэннем,
сваёю крывёю і міласэрнасцю.
Дарагія сябры, сёння ў другой палове дня я буду
цэлебраваць Эўхарыстую ў базыліцы св. Яна на Латэране, якая з’яўляецца катэдрай Біскупа
Рыма. Памоліся разам да Панны Марыі, каб дапамагла нам, Біскупу і народу, ісці дарогай
веры і міласэрнасці, з гэтай верай ў міласэрнасць Пана, які пастаянна чакае на нас,
які пастаянна нас любіць, нам прабачае. Прабачыў нам сваёю крывёю і заўсёды нам прабачае,
калі просім ў Яго прабачэння. Нам трэба мець давер да Яго міласэрнасці.
Пасля
марыйнай малітвы Святы Айцец прывітаў усіх пілігрымаў, якія прыбылі, каб прыняць удзел
у гэтай малітоўнай сустрэчы.