2013-04-06 13:19:51

Папа Францішак: не ісці на кампрамісы ў вызнаванні веры


RealAudioMP3 З адвагай сведчыць пра поўню веры заклікаў папа Францішак падчас ранішняй св. Імшы 6 красавіка ў капліцы Дома св. Марты. Святы Айцец адзначыў, што для вернікаў заўсёды існуе спакуса не вызнаваць веру цалкам, нібыта “адразаючы ад яе кавалак” ці “рабіць як усе робяць”, “не быць вельмі цвёрдымі”. “Якая яна, наша вера? Ці моцная?”, - спытаў Пантыфік. Калі прыходзяць цяжкасці, “мы адважныя як Пётр, ці трохі цёплыя?”, - дадаў ён. Святы Айцец звярнуў увагу на тое, што св. Пётр не замоўчваў сваю веру, не ішоў на кампрамісы, таму што “вера не абмяркоўваецца”. “Калі пачынаем “абразаць” веру, рабіць аб’ектам гандлю, нібыта прадаючы яе, таму хто робіць лепшыя прапановы – тады пачынаем шлях адступніцтва, нявернасці Пану”, - сказаў ён. “Прыклад Пятра і Яна нам дапамагае і дае сілы”, - адзначыў Францішак. Ёе звярнуў увагу на тое, што ў гісторыі Касцёла было шмат мучанікаў і яны ёсць сёння. “Каб знайсці іх не абавязкова ісці ў катакомбы ці Калізей: мучанікі жывуць сёння ў многіх краінах”, - сказаў Папа. Ён нагадаў пра хрысціян, якія падвяргаюцца пераследу за веру ці нават не маюць магчымасць насіць на сябе нацельны крыжык. Паводле Папы, у ХХІ ст. Касцёл – гэта Касцёл мучанікаў, тых, хто як Пётр і Ян кажуць: “Мы не можам маўчаць пра тое, што мы бачылі і чулі”.

Пантыфік заклікаў штодзённа прасіць Бога аб моцнай веры, аб тым, каб узрастаць у ёй, каб яна рабіла адважнымі і каб Пан дапамагаў у тыя моманты, калі трэба публічна сведчыць аб ёй. “Гэта была б цудоўная штодзённая малітва: каб Пан дапамог нам захоўваць веру, развіваць яе, быць мужчынамі і жанчынамі веры”, - закончыў Святы Айцец.

На св. Імшы ў Доме св. Марты прысутнічала адна аргентынская сям’я, а таксама некаторыя законніцы.








All the contents on this site are copyrighted ©.