2013-04-06 11:51:33

Вялікабрытанія: рэлігійныя лідэры звярнуліся да членаў “вялікай васьмёркі”


RealAudioMP3 Арцыбіскуп Вінцэнт Нікалс, старшыня Канферэнцыі Біскупаў Англіі і Уэльса, далучыўся да супольнага паслання рэлігійных лідэраў Вялікабрытаніі кіраўнікам краін “вялікай васьмёркі” з нагоды пасяджэння апошніх, якое пройдзе ў Паўночнай Ірландыі ў чэрвені 2013 г. У ім прадстаўнікі рэлігійных супольнасцях заклікалі самыя індустрыяльна развітыя краіны свету ахвяраваць 0,7 % нацыяльнага бюджэту на дапамогу народам, якія пакутуюць ад беднасці. Пасланне было апублікавана на старонках вядомага англійскага выдання “Financial Times” 5 красавіка. Гэта дата была выбрана не выпадкова – менавіта з гэтага дня пачынаецца адклік 1000 дзён да наступлення срока выканання “Мэтаў развіцця тысячагоддзя” – васьмі амбіцыйных задач, якія паставілі ў 2000 г. сусветныя лідэры. Яны тычацца скарачэння ў два разы маштабу беднасці і голада, супрацьстаяння кліматычным зменам, барацьбы з хваробамі, вырашэння праблем звязаных з адсутнасцю чыстай вады і санітарыі, пашырэння магчымасцяў у сферы адукацыі. Усе краіны-удзельніцы ААН дамовіліся дасягнуць іх да 2015 г.

У пасланні рэлігійных лідэраў Вялікабрытаніі адзначаецца, што на працягу 13 гадоў былі дасягнуты добрыя вынікі: напрыклад колькасць асобаў, якія жывуць у крайняй беднасці ў свеце паменшылася ў два разы, а колькасць дзяцей, якія паміраюць штодзённа паменшылася на 14 тыс. ў параўнанні з 1990 г. Але тым не менш, выклікі застаюцца. “Кожны восьмы жыхар планеты кладзецца вечарам у ложак галодным і каля 2 млн. чалавек паміраюць ад голада кожны год”, - адзначаецца ў пасланні.

Паводле яго аўтараў, дасягненне “Мэтаў развіцця тысячагоддзя” з’яўляецца магчымай задачай, калі “урады працягнуць паважаць маральныя і палітычныя абавязкі прынятыя дзесяць гадоў таму”. Адзначаецца, што “фінансавы і эканамічны крызіс, які ўдарыў па многіх краінах не можа быць прычынай для ваганняў ці адмаўлення ад іх”.








All the contents on this site are copyrighted ©.